Перайсці да зместу

Старонка:На крэсах (1927).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паабапал дарогі гнуліся да зямлі панурныя каласы зьбітага градам жыта.
На самым прасёлку, у глыбокіх выбоінах мясцамі затрымаўся жаўтаваты каламут. Дажджавая вада не сьпяшалася ўвайсьці ў гліністую глебу; паціху паўзла яна па ўціснутым у зямлю, нібы-та разцом, шырокім каляінам.
Гразь, —
цякучая, клейкая гразь прыліпала да падмётак, перашкаджаючы хадзьбе.
Падарожнаму часам здавалася, што нага яго папала ў дзежку з цестам, і вось-вось яго пачне лаяць нейкая сварлівая гаспадыня.


∗     ∗

На дарозе —
скрыўленая фігура.
На вачох — акуляры.
Твар выглядае нямытым, прынамсі, з поўгода.
Рукі — даўгія, тонкія з неабрэзанымі пазурамі, падобнымі да кіпцюроў нейкага асілкавага птаха.
Вопратка?
Ад яе адмовіцца які хочаце анучнік.
Шапка — магерка, якую вельмі любілі нашы дзяды, а цяпер — бадай ніхто больш і ня носіць.