Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Сьцяпанка Пяцькун“, дзеля таго, шо меў прывычку ўсё пэцкаць вугольчыкамі. Гэта цяга да малярства ўзьявілася ў яго ад чатырох гадоў. Амаль ня ўсе сьцены й платы ў вёсцы размалёваны яго рукой. Там можна бачыць конікаў, людзей, сабачак, хаткі, лясы, крыжыкі й іншыя штучкі. Калі часам хто з гаспадароў лавіў яго пры гэтай рабоце, дык дзёр яго за вушы, не шкадуючы. За гэта самае білі яго пастаянна й бацькі, бо й яны «мелі бога ў сэрцах сваіх».

Сьцяпанка быў вялікім мучанікам свайго малярства. Каб хацелі людзі злажыць новы каляндар мучанікаў, дык пэўна Сьцяпанка папаў-бы туды адным з першых. А чым болей адвучвалі яго ад гэтай цягі, тым болей ён да яе рваўся. Ён знаходзіў каменчыкі, травы, якімі можно было маляваць, а калі ня меў ужо што пэцкаць, дык далоні свае пэцкаў.

Не маляваў ён толькі тады, калі тата яму гэтак рукі паабіваў, што бедны хлопчык імі й крануць ня мог… Ён у муках сваіх быў тады падобны да прыкованага да скалы Промэтэя, якому вароны грудзі клююць. Ён хадзіў тады пануры й злы, ні з кім не гаварыў.

Дарослыя людзі не хацелі яго зразумець. Але ці можна вінаваціць бедных, цёмных людзей у гэтым, калі яны саміх сябе ня могуць і ня хочуць зразумець. Іх цікавіць на сьвеце адна рэч — простая, чорная праца, праца дзеля кавалку хлеба. А гэты няшчасны, потны й крывавы кавалак хлеба няволіць іх душы й сушыць ім мазгі соткамі гадоў. Дык і ня дзіва, што жыцьцёвая практыка прымушае іх глядзець на «пустыя забаўкі», як на нешта дурное, нешчасьлівае. І вось усе ў вёсцы лічылі Сьцяпанку дурным. А Мікіта з жонкай жаліліся богу за яго падарунак — Сьцяпанку.

Суседзі цешылі іх:

— Яшчэ няма ведама, што з яго выйдзе, мо’, як падрасьце, тады прыдзе да розуму.

Як хлапцу мінула сем гадоў, яго паслалі ў школу. Там ён меў спачатку самыя шчасьлівыя мінуты ў сваім жыцьці. А на шчасьце або гора трэба глядзець ня з пункту іх прычынаў, а з пункту іх перажываньняў.

Радасьць для Сьцяпанкі была бязьмерная: настаўнік выдаў яму кніжку з людзьмі, зьвярамі й рознымі другімі цівавымі малюнкамі, а бацька купіў яму ў мястэчку паперу й атрамант з ручкай для пісаніны. Тут хлапцу адчыніўся цэлы скарб малюнкаў і фарбаў, да якіх рвалася яго дзіцячае сэрца.

І ён узяўся за сваю «цягу» з усім імпэтам гарачай душы. Як вярнуўся да хаты са школы, дык за адзін вечар пасьпеў размаляваць усю паперу й кніжку, пры гэтым выліў увесь атрамант.

Назаўтра, як настаўнік гэта ўгледзіў, дык выдзер яго добра за нос, за вушы і за чупрыну і ў дадатак паставіў голымі каленамі на жарству. Пасьля такой строгай кары, настаўнік вы-