Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даў яму новую кніжку й паперу, будучы пэўным, што хлапец болей гэткіх выкрутасаў рабіць ня будзе.

Але не заўсёды фізычны страх можа ставіць межы парываньням чалавечай душы. Фанатык ня думае аб муках. Гарачае сэрца граніц і законаў ня ведае. І вось ня лічыўся з гэтым страхам і Сьцяпанка Пяцькун. Праз пару дзён ён зноў пабыў у раі — паўтарыў гісторыю са школьнымі атрыбутамі й пасьля зноў папаў у пекла: меў сваю кару ад настаўніка й бацькоў. Пасьля гэтага пекла хлапец хварэў некалькі тыдняў. Вучыцца ён перастаў. К вясьне аддалі яго за пастуха. Але ён патрапіў там авантуры рабіць. Пагнаў раз стада ў поле, сеў на крушні й давай алоўкам маляваць, а скаціна тымчасам улезла ў шкоду. Гаспадар за гэта самае добра яго пачаставаў пугай і прагнаў.

Бадзяўся Сьцяпанка Пяцькун цэлае лета вольны, як божая птушка. Цягаўся цёнгле па лясох-палёх адзін-адзінюткі, захоплены заўсёды сваімі марамі-думкамі. А марамі-думкамі яго былі фарбы, без якіх ён ня мог жыць. Фарбы былі для яго недасьціглай таёмнасьцю, хаця ён іх бачыў усюды: ў жудасным лесе, у хмарках, на блакітным небе, у зорках залатых, у лузе на кветках, у сажалцы і ў сваіх сініх глыбокіх вачох, якія пазіралі на яго з вады, куды ён углядаўся, як у люстэрка ўсё роўна.

Ды канца няма гэтым фарбам на сьвеце божым. Яны варажылі яго на захад і ўсход сонца. Любаваўся ён імі на ніве з залацістымі каласамі, калі праменьні сонца пераліваліся на хвалях жыта над ветрыкам. Вабіла яго пажоўклая грэчка на ўзгорку, авёс у лагчыне, сенажаць, далёкія хаткі, васеньні лес, імглістая даль. Фарбы яму гаварылі свае казкі, сьпявалі свае песьні…

Хлопчык жмурыў вочы свае і з паміж сваіх пальцаў глядзеў на абшар. Пры гэтым яму здавалася, што ён у руцэ сваёй трымае вялікую карціну, ім самім намалёваную. Яму здавалася, што цэлы сьвет — гэта злучэньне розных фарбаў; усё збудована з фарбаў — неба, зямля, жывыя істоты, вада й паветра. Толькі трэба ўмець перадаць гэтыя фарбы на паперы.

А колькі фарбаў неўлавімых на тварах людзкіх! І дзіўна захоплівалі яны хлопчыка. Ён часам наўмысьне злаваў сваю матку, дзеля таго, каб глянуць, як блішчаць яе гнеўныя вочы, як моршчыцца яе твар, якія складкі пераліваюцца ў сьветаценях на яе вопратках, калі яна з імпэтам пускаецца за ім у дагонку, каб даць лупцоўку.

Уночы, як клаўся ён спаць, дык так сама думаў аб гэтых фабрах. І ўсё акружаючае да апошніх драбніц жыва стаяла ў яго мазгох, ён іх добра бачыў у сваёй памяці, і, здаецца, каб толькі меў чым, дык адразу ўсё-бы намаляваў…

Часта-густа хадзіў ён да сваёй цёткі Тэклі глядзець на сьветлыя абразы, якімі былі багаты чорныя сьцены яе хаткі, бо ў бацькаўскай хаце быў толькі адзін абраз, які даўно счарнеў ад дыму й копаці, што нічога на ім відаць ня было.