Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вялікодныя яйкі.

Я люблю толькі тое, што пісана крывею.Фрыдрых Ніцшэ.

— Гаспадар ты мой, гаспадар ты мой! — гаварыла Мікіціха з крыўдай у голасе да свайго васьмігадовага сынка Сьцяпана, — табе ў галаве цацачкі, конікі, чалавечкі, сабачкі, дрэўцы й іншыя трасцы. Апрача гэтага безгалоў’я, нічога ведаць ня хочаш. Няма ведама, як твой тата гаротны тамака на вайне, ці жыў яшчэ, ці здароў, а ты ў хаце дурнотамі бавішся. Лепей трушанкі для Падласай натрос-бы ці саломы ў хляве падсьцяліў-бы, а то кароўка бедная стаіць у гнаі, як у сажалцы ўсё роўна. Гаспадар ты мой, гаспадар ты мой! — кончыла, жаласьліва Мікіціха свае прычытаньні. Але ўбачыўшы, што ўсё роўна нічога не памагае, бо Сьцяпан не перастае пэцкацца вугольчыкамі, цяжка ўздыхнула і зноў узялася за сваю працу.

Мікатава сям‘я была самая бедная ў вёсцы Запушніках. Хатка яго была хоць новенькая, бо Мікіта нядаўна яе збудаваў, але, як пашоў на вайну, дык і пакінуў яе недакончанай: без падлогі й без паловы даху. Узімку Мікіціха вельмі нацярпелася холаду, але яе адзіны сынок, Сьцяпан, нічога ня дбаў. Ён увесь час займаўся й займаецца сваёй пэцканінай, дзеля якой нямала нацярпеўся ўжо за сваё кароткае жыцьцё.

Проза жыцьця з паэзіяй ня можа ўжыцца разам у гаротнай сялянскай хатцы. Паміж іх адбываюцца пастаянна балючыя стычкі. Гэтыя дзьве супраціўніцы чалавечага характару рэдка ўступаюць месца адна аднэй, і чалавек, які радзіўся пад апекай муз, вельмі шмат церпіць ад акружаючых абставін. Яго ўсе выкпіваюць, лічаць недарэкай. Яго сьлёзы паліваюцца гразёю-балотам, на яго стогны адказваюць быдлячым рогатам, аплёўваюць лепшыя яго парывы. Нябесныя кветкі душы ў большасьці гібеюць, і рэдка на іх зьвяртаюць увагу.

Гэткія сумныя кавалкі жыцьця мы бачым у нашых вёсках на кожным кроку, у такой-жа самай гісторыі выступае й маленькі Сьцяпанка.

У вёсцы Запушніках хлопчык быў вядомы пад клічкаю