Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А браточкі мае родненькія! — пачаў за дзьвярыма, енчыць «чараўнік», — ня пужайцеся мяне! Я гэтакі, які вы, чалавек. Бойцеся губіць душу хрысьціянсеую!..

— Ня слухайце, ня слухайце яго! — крычалі з таўпы — гэта нячысьцік шуры-муры свае разводзіць!..

«Чараўнік» пачаў барабаніць у дзьверы ды драпаць рукамі, як кот усё роўна…

— Пу-у-у-сьці-і іце! Што вы гэта задумалі!… Дурнота, напала на вас!

Людзі і слухаць не хацелі.

Яшчэ з большым стараньнем драпаўся за дзьвярыма, чараўнік, як ашалелы драпаўся, ажно жудасна ўсім зрабілася…

— Родненькія мае! даражэнькія мае! гэта-ж я гэткі чалавек, якія і вы, што вы ўва мне ўгледзілі? Хто на вас дур напусьціў? пашкадуйце сямейку маю…

— Брэшаш, дух паганы! Брэшаш! — крыкнуў хтосьці злосна, — мы цябе ня выпусьцім!

— Я не памёр, — пачаў зноў «чараўнік», і голас яго хрыпеў ужо, як тупая піла і ўсё слабеў ды слабеў. — Я ўсё чуў, што вы рабілі, толькі крануць ня мог ні рукой, ні нагой, ні брывёй міргнуць, ні слоўца, выгаварыць… Пашкадуйце, душу чалавеччу ня губіце!..

— Хіцер, ой хіцер ты, вырадак пякельны! — грымелі людзі…

Ужо шапярлівым голасам прыдушанага, чуць жывы, яшчэ болей жаласна заенчыў «чараўнік».

— Ці ў вас жальбы ніякай нямашака? Што вы гэта сабе задумалі?.. кроў людзкая ляжа на вас…

— Ну досыць, досыць ужо, нячысьцік, музыку сваю разводзіць, — адказаў яму адзін стары, — на гэты раз не ашукаеш, у пекле месца тваё!..

За дзьвярыма, «чараўнік» яшчэ рухаўся й слаба стагнаў бяз слоў… Бабы плакалі. Сяляне жагналіся і ня ведалі, што рабіць…

— Падпаліць хату трэба — і квіта! Згадзіліся на гэта ўсе. Зося бедная рукі заламала й пачала енчыць, што яна бяз кутка астанецца, што яе загубяць, але ніхто ня слухаў жальбы беднай кабеціны. Тымчасам усе пачулі, як шыбіны бразнулі ў вакне й нехта выскачыў з хаты.

— Уцёк! уцёк! — загудзелі ўсе ў вадзін голас. І людзі ўбачылі, як у адных панчохах і без кажуха пабег «чараўнік», нібы падхоплены нячыстай сілай. Ніхто й ня думаў гнацца за ім; гэткага адважніка не знайшлося паміж імі. Месяц асьвяціў белы абшар палёў, і сьнег заблішчаў дарагімі каменьнямі… Здалёку ясна было відаць, як «чараўнік» даляцеў да лесу й хутка счэз у густым бары, у белым царстве шэрані й цішы… І павялічыўся яшчэ болей страх у людзей… Во хто па начох будзе іх цяпер пужаць і мучыць! Сіла нячыстая вырвалася з іх рук…