Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у бацьку пайшла ды сьляпой радзілася, а то з чаго яна будзе хлеб есьці? А Езус, божухна, родненькі!…

Пачалі яе суседзі ўцяшаць: — Магда, годзе табе калатырыць. Ну, перастань. Яшчэ няведама, можа яна глухая ці нямая, гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі, тарчаць, а ручкі й ножкі здаровенькія! Эт, будзе яна хлеб зарабляць мо’ лепей ад нас яшчэ ды бацьком пад старасьць паможа — годзе безгалоўе й дурнату нейкую плясьці! Але Магдуля ня ўнімалася. — Што-ж, матчына сэрца не з зялеза! — адказвала яна, выпіраючы кашуляй сьлёзы. — Нашаму брату, жабраку, калі ня маеш напаказ калецтва нейкага, ніхто, нават, халоднай вады ня дасьць!

— О-ей! — пачалі зноў суседкі, — ёсьць чаго шкадаваць! дык яна й без жабрацтва карміцца будзе!

— Не! не! не! — ажно зачырванеўшыся, замахала рукамі Магдуля. — Не хачу, ды не хачу! Хай жабруець, як бацькі й дзяды яе. Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!

Змоўклі кабеты, бо ў душы яны думалі, што яна праўдзіва кажа. Пагутарылі суседкі яшчэ крыху й разыйшліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак хоць і быў сьляпы, але ў хаце сваёй добра ведаў усялякі кут і куточак. Цяперака ён падаў вячэраць жонцы сваёй і, сам пад’еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.

— Ат, думаў ён, — дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзёх і лагодненька! — А аб тым, што яна будзе пасьля яго сьмерці рабіць, ён і не падумаў.

У хаце асталася Магдуля з дачкой сваёй. Сьпярша, стагнала яна, лежачы на сяньніку сваім, пасьля паставіла вячору на зэдаль і давай ўздыхаць: — няшчасная! няшчасная!

Праз маленькую, брудную шыбінку, часам відаць было, як па небу плылі хмары, шэрыя й разарваныя, быццым скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праясьнілася, бо хмары пераплылі, і залаты бліскучы месяц — вынырнуў і глянуў у ваконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыямэнтавым пылам… Цішыну перарывалі толькі глыбокія ўздохі Магдулі. Вось, быццам няпрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку сваю й давай зноў азіраць яе. Месяц асьвячаў голае дзіцятка, якое трапяталася ручкамі, ножкамі па руках сваёй маці.

— Якія вялікія вочы! — шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, каторыя ў праменьнях месяца, блішчалі, быццам пара маладзенькіх пралесачак…

— Як глядзіць! Як глядзіць — шукаючы нечага, бурчала Магдуля. Вось палажыла яна дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сьценах. Нейкай страшнай марай выглядала яна й цень яе над зьяньнем месяца.

— Чуць знайшла! — прагаварыла яна, змарыўшыся, трымаючы нешта бліскучае паміж сваіх пальцаў. Зноў узяла дачку сваю на рукі й паднесла к сьвету да самага ваконца.