Перайсці да зместу

Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дайшло да таго, што некаторыя страшна храмыя выпрасталі ногі, некаторыя нямыя гаварыць пачалі, проста з панталыку зьбіліся, але скора кончылася гульня, і жыцьцё йзноў пайшло сваім першым чарадом.

Жаброўцы йзноў распусьціліся, расьсеяліся па вёсках, хто скокам, хто бокам; хто каго на каламажцы, як бязногага, павёз, хто са сьляпым пацягнуўся — і беларускія жаласьлівыя кабеты енкі й стогны пачулі.

— Дайце, родненькія! дайце, даражэнькія! дайце калеку галоднаму, халоднаму! дайце! дайце! — і дае народ беларускі.

Кабеціна перажагнаецца і апошняе яйцо, каторае трымала, каб мыла ў краме купіць за яго, аддае; дае ратай мазалісты коўш жыта, потам крывавым запрацаваны, бо сабе ўсё роўна мала… «Гэтак трэба рабіць», думае ён, абціраючы сьлёзы…

Пусьцілася дурнаватая Магдуля са сьляпым Сідаронкам, дзед з бабай разам — і якая шчасьлівая пара гэта была! Як-бы хто мёдам мазаў па іхніх душах. На плячох торбы чуць ня трэскаліся — гэтак перапоўнены яны былі; анучкі з вузламі розных медзякоў, як вярыгі, абціснулі іх грудзі пад кашулямі.

Яны толькі абгаварвалі ды высьмявалі суседзяў сваіх: той кленчыць, быццам у трубу дзьмухае, а гэны быццам пацеры гаворыць, тая ажно лаецца, калі ёй не дадуць, а гэны зусім сароміцца прасіць, асалапень той!

І гэтак караталі яны свабодныя хвілі свае. Найболей сьмяяліся яны з аднарукага дзяцюка Тодара. Малец мае гэткі багаты талент пры сабе й пайшоў у пастухі! Ці ня мог ён гэтак сама, як бацькі яго, торбу надзець ды пайсьці ў сьвет жабраваць.

— Золата назьбіраў-бы; вось дурань — ў людзі выйсьці ня хоча! — дзівіліся яны шчыра…

Магдуля з Сідаронкам пачалі радзіць зайздрасьць у сваіх суседзяў, бо яны зрабіліся самымі найшчасьлівейшымі ў Жаброўшчыне. Ніхто ня мог гэтак жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто ня мог гэтак манточыць пад вокнамі ды прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы… Але не ўсягды, як на дзяды, бо шчасьце — ня палец, у рукі ня возьмеш, вось і вырвалася яно ад іх на час.

Справа была вось якая: радзіла Магдуля дачку, і, здаецца, гэта яшчэ лепей чым добра: будзе памоцніца пад старасьць. Але як глянула Магдуля першы раз на дачку сваю, дык абамлела на месцы, зірнула другі раз, абмацала яе, абнюхала з усіх бакоў, заламала рукі свае ды горка заплакала, загаласіла. — А Езус! А божухна родненькі! Няшчасную, няшчасную дачку радзіла я на сьвет!.. Што мне рабіць з ёю? Ой, ня вытрываю!...

Якое вяліка гора для маці: ручкі цэлыя, ножкі цэлыя!.. Пачала яна прычытваць, перахіляючыся на сяньніку, над дачушкай сваёй, каторая плюскалася ў начоўцы, дзе бабка Марыся купала яе.

— Ніякага калецтва! — стагнала Магдуля. Хай-бы яна хоць