Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ра-туй-це!

Стогн дзікі, працяглы, як васеньняя ноч, вырываўся з-пад тройцы хваёвай, з-пад трох дрэваў нямых. Пад дрэвамі быў курганок-муравельнік. Вялікім ахапкам сіўца здаваўся ён хвойкам. У ім і па ім ёрзаліся рудыя, вухаватыя мурашкі. З муравельніка тырчэла гола-меднае цела мужыка. За рукі ён быў моцна прывязаны вяроўкамі да яловага пня — так моцна, ажно рукі трэскаліся і выварачваліся з суставаў. Па жывым карчы чалавечага цела капашыліся соткі мурашак…

Хадыром хадзілі сукі-робры, «чорныя» мужыцкія косьці пад скурай бруднай; не хадзілі, а скакалі… Валасы ў мужыка былі скалмачаныя, потныя ды абсыпаны чорнай мукою — пяском. І твар скрыўлены быў, аблеплены зямлёй: не даваўся мужык, не хацеў лезьці голы ў муравельнік…

— Ра-туй-це-е-е…

Разявіўся моцна мужык. Чорнай трубою глядзіць скрыўлены рот. На языку таксама пясок. На носе — таксама. Упарты, відаць, быў мужык, не даваўся. Яго галавой, як сахою, аралі людзі па зачарованых гонях. Вунь і сьлед ёсьць на прухкай зямлі. Якраз баразна.

Яго цягнулі за ногі галавой уніз.

— Іначай нельга было, — казалі панскія найміты: — брыкаўся, шэльма!

— Рат…

Тут хрыплы голас абарваўся. Нібы бочка трэснула і… аман! Толькі вочы вылезьлі на лоб, мужыцкія вочы — шчырыя, жаласьліва-страшныя і нямыя. Сьлёзы кап-кап з іх, і мокрыя сьцежачкі расьціраліся па зямлістым твары мужыка.

Хліп-хліп! Хліп-хліп! — ціхі плач рваўся з валасатых грудзей.

Да самага вечару прыдзецца галышком пасядзець у муравельніку. Праступак быў вялікі — прыгоньнік украў булку хлеба з панскай пякарні. Надта ўжо дзеці есьці хацелі — жаласьць прабірала…

∗     ∗

Чорнай дзяругай вісіць васеньняя ноч над зямлёй. Ні зоркі адной зьверху, ні іскрачкі нідзе. Вые вецер васеньні, вые, як галодная зьвярына. Рыскае вільготны гад пад буйным дажджом і кідае з пазухі гнілой жмуты страхоцьцяў ва ўсе бакі. Стогне пустое поле. А дождж плюхае аб жорсткае іржаньнё, якое тырчыць на зачарованых гонях, як няголеная барада старога дзеда. Войкаюць тры хвойкі, ківаюцца ва ўсе бакі і крэхчуць.

Жуць і няпрытул спацыруюць па цёмных абшарынах. Золкасьць коціцца атрутным макам над зямлёй. Доўгая-доўгая васеньняя ноч. Канца ёй няма.

Упірайся вухам у цемру і пільна прыслухайся: шэпт, чалавечы шэпт пад трыма хвоямі хаваецца. Трывожнае, жутка-злоснае «шу-шу-шу» гойдаецца адтуль…