Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Кінь моцна вокам у цемру і рупна паўзірайся: цені, тры чалавечыя цені шавеляцца пад трыма хвоямі. Хто іх клікаў сюды а поўначы глухой? — Лёс, нядоля мужыцкая!

Дзікі, прадсьмертны крык нырнуў з-пад хвоек; такі крык, ажно ўся зямля закародзілася. Рэзалі чалавека, мучылі яго ў глушы.

Цішыня…

Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шорхалася, дзынкала аб каменьні. Доўга шапталіся тры цені, а потым утанулі, расплыліся ў чорнай вільготнай воўне васеньняй ночы.

Назаўтрае трывога пайшла гуляць па ўсёй ваколіцы:

— Пан прапаў… пан прапаў…

∗     ∗

— Сам Антыхрыст засеў у ім! — гаварыў поп пра сына Макара Канцавога.

Высокі і худы быў Міхась, Макараў сын. Вочы ў яго былі глыбокія, задумёныя і цёмна-сінія з аганьком, — здавалася, што зараз бухнуць яны полымем і запаляць усіх. Як глянуць на чалавека — наскрозь яго бачаць. Такія ўжо чароўныя вочы: гнеўныя, гнеўныя. Але затое як скажа слова дзяцюк, дык чырвонцам кіне — добрае, добрае было слова яго. А простае, а разам з гэтым мудрае — мужыкі слухалі і наслухацца не маглі. Ну з кніжкі чытае ды й годзе!

Міхась служыў на фабрыцы ў горадзе. Час-ад-часу прыяжджаў у родную вёску. Прывазіў кніжачкі. Але няпісьменныя сяляне любілі ляпей яго жывую гутарку.

Аб чым ён гаварыў?

Аб усім гаварыў ён. З ято гутарак гарапашнікі даведаліся скуль ліха на сьвеце. Так добра даведаліся, што задумалі сагнуць гэта ліха ў тры пагібелі, як асілак падкову конскую. Задумалі бунтавацца проціў цара і паноў.

— У гэрэтыка Міхася рогі на ілбу і хвост ззаду, — гаварыў поп: — нячыстая сіла ў ім гнязьдзіцца. Ён — Антыхрыст.

Ківалі галовамі мужыкі і грозна маўчалі. Рукі сьцісківаліся ў кулакі. Вочы гарэлі. Во-во кінуцца людзі на папа… во-во юху яму спусьцяць… Во-во ад яго толькі мокрае месца застанецца…

Стрымліваліся мужыкі. Пад бокам вураднік сядзеў. Вусы ў вурадніка тырчэлі, як у ката. Твар быў круглы, як качан капусты. Нос чырвоны, як бурак — вураднік часта сівуху пробаваў. А вочы ў яго былі, вочы! шкляныя і гідкія. Як два сьлізкія казённыя арлістыя гузікі, блішчэлі яго вочы. Як брудная кіпучая вада ў гаршку, бурлілася з яго глоткі хрыпла-п’яная няпрыстойная лаянка.

— Закатую да сьмерці с-с-сукіных дзяцей! бурчаў ён. — Закую ў ланцугі ды ў Сыбір адпраўлю!