Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вышцы, як ніткі-зьмяйкі, цягнуліся каласы, упарта імкнуліся да чорных бульбінкаў — жаўранкаў, якія сыпалі з неба ў нізіны зыкі-пералівы, булькалі жвірова-жоўтай рачулкай.

∗          ∗

Калісьці на гэтых зачарованых гонях шуткавалі дзяўчаткі — калінкі лесавыя, прыгоньніцы панскія; шуткавалі зазубленымі сярпамі-палумесяцамі. Сярпы жорстка глымзалі жытнія гоні, прагна глыталі каласы, сноп за снопам, мэндлік за мэндлікам.

Хай гікае панскі прыганяты, хай ляскае раменны гадзюка-бізун, — красуні маладыя перакідываліся вясёлымі жартамі.

Грэх не жартаваць, калі жар-сонейка грае, калі птушкі-званочкі двухкрылыя зьвіняць, калі вакол хмялеюць шкляныя далечы і мітусяцца паласы зялёна-кудзерных гайкоў.

Грэх не жартаваць, калі ў далі-дальнай шэрыя купінкі хатак вясковых у самыя воблакі лезуць, калі з гладышкоў-комінаў коціцца дымок ружова-сівюсенькі і верціцца, рухліва-бурштынавымі клубочкамі-яблыкамі…

А позьнімі змрокамі ідуць маладыя жнейкі да хаты, ідуць грамадкай цеснай, босыя. Чырванеюць кветкі-вышыўкі на белі востракантовых хвартушкоў. Бялеюць хусткі на ільняна-русых полымях валасоў.

Ці не лябёдкі гэта перакінуліся раптам у залачонавалосых дзяўчатак?

Ці не чарадзейніцтва рэй вядзе на вытаптанай сьцяжынцы-каруне?

На сьпінах камень-боль вісіць. На тысячы міль цягнуўся летні дзень. Ад цямна да цямна працавалі — пан скардзіцца не павінен.

Пелі яны хорам, усе разам. Шчыры смутак, як мёд ліповы, кадзіліў змрочнасьць. Волі жадалася:

«Дайце вы мне вольку —
Я ў зязюльках апынуся:
Дайце вы мне крылкі —
Я да пташак прылучуся»…

«Вольку!» — адгалосівала мутна-цёмная шыр сваімі чатырма старонамі.

«Вольку!» — вышываў нехта любавабнае слова на небе чырвонымі пчолкамі.

∗          ∗

Гарачы кісель льецца з высотаў уніз. Сонечна-варны дзень. Зачарованыя гоні во-во растопяцца ад гарачыні, як сала на патэльні. Пад трыма хвоямі гудзіць цёмнае воблака, кусьлівых аваднёў. Зярняткамі-лятункамі носяцца, яны ў паветры на адным месцы.

— Ой, ратуйце, людзюхны добрыя… ра-туй-це… — жаласьліва-жудасна вохкала глеба.