Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ашчасьлівіла.

Дылі, дылі дудка;
Саламяна будка,
А ў тэй будцы
Чэрці вядуцца.
Народная.

Вёска Жаброўшчына ляжыць у адным з самых глухіх куткоў Беларусі. Гэта, гняздо ўсіх жабракоў нашай ваколіцы; тут вядзецца іхняя адукація і фабрыкуюцца жабракі для ўсяго сьвету, здаецца. Здаўна жывуць яны тутака сваім асобным жыцьцём і больш нічым не займаюцца. — Што-ж, і гэта праца! — як яны самі кажуць. Хаткі ў Жаброўшчыне страшэнныя, падгніўшыя, крывыя з сукаватымі падпоркамі й выглядаюць быццам жабрачкі сівыя, абвешаныя старымі торбамі. Здаецца «дай! дай!» — стогнуць яны ўсякаму рэдкаму падарожнаму.

«Дай! дай!» — плача там вецер паміж сухастоек на пагурку. Само неба мае там колер мутнага бяльмістага вока сьляпога жабрака.

Людзі там маюць другі фасон, другую фастацыю, чым усюды: розныя храмыя, розныя крывыя, розныя сьляпыя, розныя нямыя; агульна, кажучы — калекі на ўсялякія лады, калекція розных калек, якія толькі могуць быць на сьвеце.

Кажуць, што большая частка іх, нават, родзіцца гэткімі. Кажуць, хто мае ў іх большае калецтва, той і фанабэрыцца гэтым і болей шчасьліў бывае. «Калецтва — ваша, саха й барана!» кажуць самі жаброўцы.

Дзяцей сваіх яны ў хаце, перад выхадам у сьвет навучаюць, як жабраваць, якім голасам, якімі спосабамі, як жаліцца кемна, як выставіць другім сваё калецтва. Некаторыя з іх робяць гэта з вялікім штукарствам.

Часам знаходзяць у Жаброўшчыне закапаны ў зямлі гладыш з грушамі — чартоўскім спосабам запрацаваны яны й чорту лысаму застаюцца.

Вось у Жаброўшчыне вялікае сьвята: бязносая дурнаватая Магдуля выходзіць замуж за сьляпога Сідаронка, і народ разгулівае.