Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

карміцелька, здохла… Мо’ і запраўды я вінавата? — думае Сымоніха й падстаўляе плечы: хай б’е — па гэтым жыць буду…

І лупцуе яе Сымон часта, шчыра…

Часта-густа Сымон п’ець, але ніколі не п’янеець. Гарэлка ня маець сілы над ім… Толькі робіцца яшчэ сумней, яшчэ страшней, пальцы скручваюцца ў кулакі чорныя, грамадныя…

— Хто мяне грабіць, хто мозг касьцей маіх выймаець?

І быццам разьюшаны бугай, шпарка бяжыць біць сваю жонку…

І б’ець…

А кабета маўчыць, занадта маўчыць, быццам запраўды вінавата.

Толькі сохнець Сымоніха, як той завяўшы каласок, як тая растаптаная кветка на мяжы… Сохне… кашляе… слабее. Плечы хіляцца ніжэй, па сэрцы млосна, абліваецца халодным потам ды сама ня ведае, што з ёй робіцца…

— Што з цябе будзе? — пачынаюць суседзі ёй гаварыць, — ты-ж без пары ў дамавіну ляжаш? На каго ты дзетак сваіх, сіротак, пакінеш? Хто іх гадаваць — даглядаць будзе? Яны, маленькія, пагінуць без цябе! Глядзі, ён-жа цябе біцьцём сваім у сухоты ўвагнаў! Чаму-ж ты на яго ў воласьць не пажалішся?

А Сымоніха маўчыць.

А калі суседкі лішне ей дапякаць пачнуць, то яна ім у адказ кажа, што ня чужы, а свой мужык б’ець, а калі бог судзіў, то яна жыць будзе — і годзе!

Тымчасам Сымон ня ўнімаўся: біў што дзень; кабета сохла ўсё болей і болей. Сілы ападалі. Загультаілася дый на работу ў поле выйсьці не магла, апанела — зьлегла ў ложка,

— Сымонка! Золатца маё! — казала яна ў няпрытомнасьці перад сьмерцю. — Чаму мяне ня б’еш? Мо’ лепей-бы гаспадарка пайшла? — і аграмадныя, як пацеркі, сьлёзы заблішчалі на яе вачох, і гэтак аддала, богу сваю вінаватую душу…

— Ой, аграбілі мяне! — заплаваў-загаласіў ашалелы Сымон, зазлаваўся, сьціснуў кулакі свае, азірнуўся дзіва кругом, але ня было ўжо каго біць…

Пры нябошчыцы матцы сваёй папуджаныя, мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі й дрыжалі моўчкі, бо плакаць баяліся, каб татка ня біў…

∗          ∗

Пахавалі Сымоніху. Якія там хаўтуры ўладзіў Сымон, то ўладзіў, але ў хаце зрабілася сумна й пуста без гаспадыні. Паглядзеў Сымон на дзетак-сіротак — і сэрца яго мо’ першы раз у жыцьці зашчаміў жаль, вялікі жаль…

Божа мой! За што гэта я жонку сваю ў магілу ўвагнаў? — І нешта нажом урэзалася ў яго грудзі, і нехта балюча таргануў яго сэрцам…

Вільня, 1913 г.