Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На зачарованых гонях.

На зачарованых гонях, нібы тры адвечныя вартаўніцы, шушукалася тройца зграбных, стромкіх хвоек. Нібы карагодніцы, якія во-во пусьцяцца ў скокі, хвойкі рухалі зялёнымі, прухкімі, рукамі-лапкамі.

Вілаватымі ланцугамі-карэньнямі хвойкі былі прыняволены некім да гоняў. Хтосьці паставіў іх тут глядзець за тым, што чыніцца вакол.

Загартаваная двухклыковая саха грызла зачарованыя гоні з году ў год, пераварачвала лусты-скібы чарназёму. Смаглай, жывой зьвярыною з дрэва і зялеза саха ўядалася глыбока ў глебу.

Нуканьне і тпруканьне аратая, лясканьне драцянкі па абручох-скабінах калматай кабылкі сыпаліся на глебу нявідочным насеньнем. Як шрот аб бляху, дзынкалі згукі мужыцкія аб чорныя боразны, аб сухія равочкі.

Земляроб пры гэтым гнуўся і крахтаў. Во-во прыпадзе грудзьмі да гоняў. Во-во зрасьцецца з чарназёмам. Во-во і кабылка распластаецца-расьцягнецца ракам па барознах на ўсіх чатырох нагах. Глеба іх глыне — і знаку не застанецца…

Вялікай прагнасьцю дыхала глеба. Яна любіла, калі над ёю рыпалі-хрусьцелі косьці, калі мускулы рабіліся цьвёрдымі, як дубовыя сукі, і прухкімі, як сталёвыя спружыны. Яна любіла, калі гарачая жыжа поту бруднымі ручаінкамі разыходзілася па глыбокіх зморшчынах загарэлага твару. Яна любіла, калі шышкі-мазалі глебнага колеру цёрліся-шараваліся, як брускі, і фарбаваліся крывёй.

Глеба гадавала шчырае замілаваньне да сялянскай болі, натужнасьці і асілкасьці…

Зрашатаваная агнёвымі шыламі сонечных промінаў, глеба выціскала наўзьверх сваіх захованых хохлікаў — груньнявыя зялёныя шпількі.

Барадой мядзяна-злотнай кучаравіліся мільёна-копныя шчоткі жытніх каласоў, тырчэлі, як дрот-шчаціна на чорным карку аграмадзістага вапрука. Да ярка-сонечнага полымя ў блакітнай