Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Злодзей.

Невядома было, ці ўжо зайшло сонца ці не, бо густыя хмары агарнулі ўсё неба й цемра, абхапіла ўвесь абшар палёў пад касагорам.

Была нейкая парнасьць, як перад дажджом. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі, каторыя людзі са сьпешкай вазілі на гумны дамоў.

Чутно было, як на азяродах гаманілі ды крычалі: «вышэй падавалку!» або — «сноп равьвязаўся, каб цябе-е!» ці — «не варонь там, падла здохлая!»

У багатага гаспадара Кастуся не пасьпелі зьвязьці ў гумно ўсё жыта і на полі асталося некалькі дзесяткаў мэндлікаў, так што трэба было ноччу папільнаваць іх ў полі.

Вось Кастусь, раней павячэраўшы, пайшоў на поле, лёг пад касагорам і давай пыпкаць люльку сваю.

Доўга пазіраў ён на ярыннае поле, каторае рознымі колерамі пералівалася на тэй старане дарогі, і на вогнішча начлежнікаў на блізкай пасецы.

— Заснуць не даюць, каб яны папруцянелі, каб яны! — буркнуў Кастусь і перавярнуўся на другі бок.

А песьні запраўды сыпаліся з усіх бакоў; з дарогі, дзе жнеі йшлі з дажынак з панскага фальварку, з пасекі, дзе былі начлежнікі, а з вёскі йшчэ ў прыдатак гармонік і жалейка…

Круціўся, вярцеўся Кастусь і ня мог заснуць.

— Хоць ты тут лопні — усё роўна яе засьнеш! — зазлаваўся ён і плюнуў, абціраючы цыбук палой кажуха, і тым самым часам ён раздумваў: — Што-ж хай пяюць: яшчэ, нават, лепей, а можа якраз на безгалоўе накруціцца хто снапы красьці, а я буду спаць. Мала іх ёсьць у нашай вёсцы гэтых лайдакоў, абарванцаў, як, напрыклад, Ліканор, каб яго зямля не насіла, каб яго!

І Кастусь прысеў, апіраючыся аб вялікую крушню камянёў, што была каля мяжы. Хоць цёпла было, але дзеля таго-ж раса прабрала яго і ён шчырэй абкруціў грудзі залапленым кажухом сваім.

Яшчэ больш пацямнела, але затое ясьней малявалася далё-