Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Агата ўсё падлівала вады й мяшала зацірку вялікай лыжкай, мяшала, мяшала й паставіла на стол.

— Гатова! — крыкнуў Антось, быццам п’яны, і давай карабкацца з пяколка.

— Гатова! гатова! — запішчалі дзеткі й пусьціліся, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у каторую Агата пераліла зацірку з гаршчка. Толькі густы пахучы пар круціўся над міскай і ўмацоўваў галодны апэтыт шчасьлівай ў гэты момант сям’і.

∗     ∗

Шчасьце ня маець сваёй асобнай меркі для усіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек маець сваю асобную мерку да шчасьця і свой асобны погляд на самае шчасьце…

∗     ∗

І шчасьлівая сямейка хваталася за лыжкі.

Сёрб! сёрб! і — «ай! ай! ай!» запішчалі дзеткі. Антось маўчаў, толькі вылупіў вочы, быццам канаць сабраўся.

— А каб вы падохлі, я-ж вам казала — не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.

Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку й ня вытрывалі — ізноў давай сёрбаць… Толькі сьлёзы каціліся ў іх ад шчырага сёрбаньня. Ня зьелі яшчэ яны й трэцяй часткі, як накруцілася суседка Сьцёпчыха:

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Хлеб ды соль!

— Дзе тут хлеб — зацірку сёрбаем, просім на сьнеданьне! — кажа Агата.

— Ого! на зацірку і я ахвотніца! — адказала Сьцёпчыха, пазіраючы маркотнымі галоднымі вачыма. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі…

Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусьціў галаву да міскі са злосці.

— Во, і нам самім мала, — падумаў ён.

Зьела, адну лыжку й давай сёрбаць другую.

— О, каб цябе паляруш! — чуць ня злаяў Антось, але стрымаўся, толькі давай старацца! Дзеткі так сама, пачулі небясьпеку і, скоса пазіраючы на Сьцёпчыху, спрытна, запрацавалі лыжкамі…

— Тры! — чуць ня крыкнуў Антось, Як Сьцёпчыха сёрбала ўжо трэцюю лыжку.

— Ратуйце! Ратуйце! — здаецца плаваў-бы ён, яу яна ўзялася за чацьвёртую лыжку. А як зьела пятую, то ўжо міска пустая…