Перайсці да зместу

Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Але стары Габрусь, усё жыцьцё сваё прывыкшы кратацца каля чаго колечы, мя мог доўга высядзець без работы, і нуда напала на яго душу, як шэрая хмара.

— Не, ня можна гэтак! — тлумачыў ён сам сабе: — на адпачынак хопіць яшчэ часу! У-у-га-а — колькі хопіць. У магіле чалавек адпачывае нязьлічаныя гады… бяз конца сьпіць… а жывому чалавеку трэба нешта рабіць…

— Вядома, не пайду я з сахой навыперадкі з сынамі, ня стану пракосы ганяць я з імі ў перагонку, але баранаваць, сена грабіць — не пашкодзіць памагчы!

І стары Габрусь зноў узяўся за работу. Ажно павесялеў. Павесялелі разам з ім і сын яго старшы Янук з жонкай…

Як-бы там з пачатку ня сыпаліся абяцанкі-цацанкі, як той кажа, што на старым бацьку й валасочка ніхто не зачэпіць, а ўсё-ж такі хутка пачало кародзіць, што чалавек сядзіць без работы і ўсё гатовае яму падаецца…

— Дармаед! — закралася таёмная думка ў сына.

— Дармаед! — казала нявестка ціхутка па вёсцы: — стары нічога ня робіць, ды есьць за пяць маладых!..

— Няма чаго богу грашыць. стары ўсё роўна, як малы! — падумаў стары Габрусь, як узяўся за тыя лёгкія работы, каторыя рабіў яшчэ хлопцам быўшы. Напрыклад: сена грабіць, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трасьці…

І Габрусь далей давай думаць, што чалавечча жыцьцё ўсё роўна, як тое вялікае кола малатарні: бок вобада, каторы быў на самым нізе, падыймаецца ўсё ўверх ды ўверх, але хутка зноў пачынае апушчацца ніжэй і даходзіць да таго самага ніжэйшага месца…

∗     ∗

Далей — болей і ўехаўся стары Габрусь у новым жыцьці сваім — на «адпачынку» ў сыноў. Прывыклі й дзеці да яго. Яны пачулі, што зрабіліся гаспадарамі, і хоць стары бацька яшчэ працаваў, як умеў, але яны пачалі пазіраць на яго, як большая частка дзяцей на сваіх старых бацькоў, як на непатрэбнага дармаеда… Габрусь яшчэ прабаваў бокам-скокам змагацца з гэтым, але скора спазнаў, што ня туды заехаў… Сыны яго перасталі баяцца й паважаць, нявесткі ў вочы «дармаедам» і «гультаём» называлі…

— Прапала! гэтак трэба! відаць іначай быць ня можа!..

І пачалася тая шэрая, неспагадная, адзінокая старасьць… Габрусь зноў пачуў, што змарыўся… Пачуў ціжар нейкай асобнай болі, каторай раней ня ведаў… Змарылася душа чалавека… сэрца старое… ня то, што косьці, рукі й ногі… Старога Габруся пачала душыць незаслужаная крыўда дзяцей і ён слабеў — што дзень болей і болей… Пачаў сам з сабой гаварыць, бурчэць, здаецца, злаваўся ён на ўвесь сьвет і сам на сябе…