Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ная. Хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве й выць павоўчаму. Ён выглядаў, як-бы яго скінулі з гары ў глыбокую яміну, дзе ён пакалечыўся на сьмерць, дзе ён аглушыўся й страціў прытомнасьць… Дзіка вадзіў ён вачыма па бакох, уніз, як-бы ён згубіў усё сваё багацьце, як-бы посьле пажару на попелішчы сваёй хаты. Рукі ў яго віселі, як чужыя, і сам ён алавяным зрабіўся.

Усю дарогу, ідучы назад у вёску, ён сваёй жонцы ні слова не казаў. Ішлі яны, як з хаўтуроў усё роўна. Ды ці гэта ня былі хаўтуры? Даніла пахаваў найлепшую частку сваёй душы. Памёрлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыцьцё. Зьніклі — згінулі надзеі, радасьці і ня цікава стала жыць на сьвеце божым…

Сонца, сьветлае засумавала, разам з ім. Поле сьнежнае няпрытульна-жудасным зрабілася. Сосны над белымі кажухамі сьнегу як-бы шапацелі аб вялікім Данілавым горы, і птушкі былі дужыя і няцікавыя. Увесь белы зімовы абшар пакрыла жалоба… Гэта жалоба-туга ваздушнымі хвалямі выносілася з Данілавай душы і труціла паветра.

Ці зразумеюць людзі яго трагэдыю? Не. Будуць кпінкі строіць з яго і дурнем палічаць.

Як вярнуліся Даніла з жонкай да хаты, дык ён паваліўся на кучу белых стружак ля свайго варштату і голасна заплакаў. Жонка ня пробавала яго ўцяшаць. Той самы роспач вісеў і над ёю цёмнай хмарай. Ціхутка яна стала перад абразамі й доўга шаптала малітвы, а сьлёзы, гарачыя й буйныя, капалі з яе вачэй на гліняную падлогу…

Пасьля гэтага здарэньня зрабіўся вялікі пералом ў душы бондара. Ён зрабіўся праз меру маўклівым і панурым. Цёнгле лаяў сваю жонку, якая маўчала, нібы вінаватая. Бондарства ён закінуў і інструмэнты яго паржавелі, бо ў хаце ён рэдка калі бываў — валяўся цэлымі днямі п’яны ў карчме пад сталом. Бедная Аўдоця цярпела і голаду і холаду, але пераносіла ўсё моўчкі, нікому ня жалячыся.

А як прывезьлі суседзі з карчмы няжывога Данілу, дык яна, так сама голасу не падняла, толькі ціхутка плакала й шаптала малітвы.

А як людзі змайстравалі труну шурпатую й нязграбную і як палажылі Данілу ў гэту труну, тады толькі ўспомніла яна, «залатыя рукі» нябошчыка. Прадставілася ёй, якім-бы вокам Даніла глянуў на гэту партацкую, грубую работу труны сваёй. Тут яе кабецкае кволае сэрца прабраў вялікі, шчыры жаль па дарагім чалавеку. І яе гора пачало вылівацца ў натхнёныя, паэтычныя вобразы сумных прычытаньняў.

Аўдоця павалілася вобземлю й пачала галасіць, лаючы волю свайму гору. Ніхто ня мог яе супакоіць. Бабы, слухаючы, сьлёзы свае выціралі й дзівіліся, скуль бярэцца такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоці.