Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гладкія, як добрае шкло. Пасудзіны былі грацыйныя, зграбныя, як-бы жывыя і ўваздушныя, і здалося — вось-вось у паветра панясуцца. Пад яркім зімовым сонцам яны пераліваліся ў розныя колеры.

Што хвілю Даніла з Аўдоцяй спыняліся, зьдзьмухваючы сьнежныя пылінкі з гэтых пасудзін. Кожную пасудзіну Даніла пробаваў рукамі на звон. Кожная пасудзіна выдавала свой асабісты згук-голас, так што можна было падабраць з іх новы, пасвойму гармонічны, музычны інструмэнт, накшталт гусьляў ці ліры, на якім можна было-б іграць шчырыя, чулыя песьні шчырай і чулай душы бондара Данілы…

На што тут патрэбны струны, на што ноты, на што урачыстыя ў абставы багатых салёнаў і ненатуральная пышнасьць адукаваных людзей, калі ўсё можа выканацца ў сваёй першай крыніцы хараства — ў прастаце і шчырасьці?

Захацеў-зажадаў чалавек божы, і сам сабе ў адзіноце уладзіў сьвята-гульню. І сонца на яго іначай глядзіць, і каменьні яму песьні пяюць, і сьмяротны бясьсьмерцьце творыць, і ад няшчаснага, цэлыя вясёлкі шчасьця рассыпаюцца.

Даніла ціскаў да грудзей пасудзіну й любаваўся ёю!

— Якое моцнае вядро! як камень, як зялеза: хоць ты гарматы па ім вазі! Вун бач, жонка, як я стану на гэтае вядро нагамі, і ліха яго ня возьме.

Пры гэтым ён паставіў на сьнег вядро і намерыўся наступіць на яго нагою.

— А бо’, што ты робіш!? — крыкнула Аўдоця.

— Я не баюся — стану, бо моцнае! — заартачыўся Даніла.

— Ня можна… — у роспачы застагнала Аўдоця.

— А вось папрабую! — настайваў Даніла.

— Ты вар’ят! — заламала рукі Аўдоця.

— Го! го! го! — зарагатаў Даніла, — я гэта толькі пажартаваў, а ты думала, што запраўды стану. Эх, баба дурненькая! Го! го! го!

І сьмяяўся ён шчыра, як дзіця, якое выкінула вясёлую штуку.

Аўдоця маўчала і цяжка сапела. Яна не магла прысьці да сябе ад вялікага перапуду.

Гэткім чынам яны прывезьлі пасудзіны ў двор да пані. Тут радасьць тварыцеля-бондара вырасла да таго, што ажно дух захоплівала. Сэрца буяла й барабаніла так моцна, што Даніла сам пужацца пачаў. Гэткія хвіліны ў жыцьці рэдка здараюпца, хвіліны, калі ставіцца на страшны суд сьвятая сьвятых тваёй душы, калі вось думаеш: альбо папаў у рай, альбо ў пекла, калі на валаску паміж жыцьцём і сьмерцьцю знаходзіцца тое, да чаго ты ўвесь свой век хацеў дайсьці, за што ты пакутваў, богу якому ты маліўся…

А вясёлая сям’я вераб’ёў клапацілася каля стайні, білася-дралася паміж сабою, фанабэрылася, хохлілася і шчабятала свае