Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зірае на мужа, загіпнатызована яго работай і дзівіцца на «залатыя рукі», як на нейкую надзвычайную, зьверхнатурную сілу.

Цуд творчасьці пачынаецца.

Бондар вострыць свае інструмэнты. На першы погляд здаецца, што гэта рэч вельмі простая і звычайная. Але гэта толькі здаецца людзям, якія нічога цікавага ведаць ня хочуць, бо шліфоўка, інструмэнтаў — рэч і ня простая і ня звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цьвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты падходзіць да кожнага начэньня. Трэба, ўмець трымаць гэты брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго. Трэба цяміць, як шараваць — ці наўскос, ці проста, ці памалу, ці хутка, ці моцна прыціскаць — ці зьлягка, каб было акурат ў меру. Кожнае начэньне мае свае капрызы, свае вымаганьні, якія майстар павінен памятаць, як свае пяць пальцаў. Потым глянец — з глянцам пачынаецца новая, цікавая гісторыя. Крывавым потам плаціць бондар за гэтую гісторыю, бо ён, як эстэт, патрабуе, каб інструмэнт зіхацеў, блішчэў і пераліваўся ў розныя колеры, як люстра, як вада пад сонцам. І ён наводзіць глянец. Потым кладзе свае інструмэнты ў рад на сваім варштаце. Бяручыся ўбокі, дзівіцца на іх. адыходзіць, глядзіць здалёку, расшырыць вочы, сажмурыць, зноў падыходзіць. Хіліцца над імі, нібы хоча іх цалаваць і пачынае на іх дзьмухаць-хукаць. Блеск на сталі атуляецца слоем сівога туману. Потым туман патроху пачынае сыходзіць, напамінаючы колер пэрлямутру, які хутка нікне, як пад магутнымі словамі чараўніка. І зноў інструмэнты блішчаць, як неба ў яркі дзень. Даніла ўздаволены сваёй артыстычнай утончанасьцю й віртуознасьцю.

Словам, у гэтай рабоце ёсьць нязьлічаныя крыніцы навукі, далікатнай адукацыі, здольнасьці й спрыту, якія апрацоўваюцца гартуюцца доўгімі гадамі, рупнасьцю, цярплівасьцю й вытрываласьцю, закаханьнем да сваёй спэцыяльнасьці й грунтоўным розумам.

Ня толькі Даніла, але і Аўдоця разумеець гэта вельмі добра. І яна не даецца дзіву, што муж возіцца з гэтай работай, шліфоўкай інструмэнтаў — пролёгам да свайго вялікага раману на драўляных скрыжалях — беспрарыўна некалькі гадзін.

А як-жа іначай.

Пры гэтым муха не павінна гудзець, мыш не павінна скрабціся ды, наогул, ніхто з жывых істотаў ня мае права перашкаджаць майстру ў яго настраёвай працы.

Гэты строгі, няспрэчны закон дэспата-мужа добра ведае Аўдоця. За ўсё жыцьцё яна вышкалілася, як належыцца, ў гэтым кірунку. Ёй здаецца ў сваім гіпнозе, што, нават, вецер цішэець у той час, як Даніла майструе, дрэвы на гародзе ня шумяць і птушкі не пяюць. Нават і няжывыя зьявішчы прыроды нібы падпадаюць пад магічны загад Данілы. Аўдоця ня дзівіцца, іначай быць ня можа, бо ў яе мужа — вялікая сіла. Усё прыслухоўваецца, усё зьвяртае ўвагу на яго залатыя рукі.