Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бондар.

I.

Стары Даніла славіўся па цэлую ваколіцу сваімі вырабамі вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі й лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія й вельмі зграбныя. Ён іх прадаваў на ўсіх кірмашох. У яго іх ахвотна куплялі ўсюды, і ён жыў з жонкай прыпяваючы.

Дзяцей у іх ня было, гарэлкі ён ня піў, так што «залатыя рукі», як казалі аб ім суседзі, кармілі яго досыць шчодра. А гэтыя „залатыя рукі“ не настолькі цікавілі іх уласьніка Данілу тымі залатоўкамі й рублямі, што яны яму давалі, як сваёй здатнасьцю й кемнасьцю.

Мэтай яго жыцьця былі не заработкі, а праца сама па сабе, той працэс творчасьці, які дае праўдзівае шчасьце мастаком у розных галінах штукарства.

Кожную пасудзіну паасобку ён рабіў натхнёна ад пачатку да канца. Майструючы, ён ня думаў ні аб чым іншым, як аб сваёй рабоце. Забываў аб ядзе, аб сьне і аб усім на сьвеце. Нікому, апрача жонкі, ня можна было глядзець, як ён майструе. Суседзі гэта ведалі й не заходзілі ў яго хату, каб не перашкаджаць. А калі хто, ня ведаючы, заходзіў да яго ў час работы, дык стары Даніла пакідаў сваю працу і з нецярплівасьцю чакаў мінуты, калі той выйдзе. А калі хто доўга заседжваўся, дык ён выходзіў з цярпеньня і прасіў не перашкаджаць і ня дурыць галавы рознымі байкамі. Выходзіла так, што ён выганяў людзей з сваёй хаты.

Людзі злаваліся на яго трохі за недалікатнасьць, казалі, што ён ведаецца з нячыстаю сілай, якая яму дапамагае ў рабоце, але прывыклі да гэтага, і ніхто яго не чапаў. І Даніла гэтак правёў у адзіноце ўсё жыцьцё сваё, — год за годам, адзін дзесятак гадоў за другім дзесяткам, — аж да сівізны.

Нельга, сказаць, каб Даніла нудзіўся ў самоце. Яго жыцьцё было поўнае для яго цікавасьці й размаітасьці. Яго жонка Аўдоця ўсёй простай, добрай і падатлівай душою наскрозь была пранята майстарством Данілы. Як адгалосак, як цень свайго мужа, яна