Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

полі… бадай і крыжа па іх не паставілі, не памаліліся над нябошчыкамі»…

∗          ∗

Перастаў нарэшце стары Міхайла ў воласьць хадзіць, перастаў у людзей дапытвацца аб сынох сваіх… І перастаў, на’т, у вёсцы з людзьмі бачыцца, бо рэдка, калі з хаты выходзіў.

Суседзі, маючы кожны сваю ўласную больку, зусім забыліся аб ім, як-бы на сьвеце ня было Міхайлы старога…

І ён тымчасам жыве сваім асобным балючым жыцьцём, сваім горам вялікім. Ён тужыць моўчкі па лесе, што згінуў ўвакруг, ён стогне па родных сынох, што весткі аб сабе не даюць. Боль гэты зьліваецца ў душы яго ў адно цэлае…

Лесу ўжо ён ня ўбачыць болей на роднай зямельцы, а кроў сыноў нейдзе сыціць-корміць чужую глебу…

І старога Міхайлу абхопліваюць неадчэпныя думкі: — Толькі дзеля гэтай тугі мне і жыць трэба, бо ў маім сэрцы сплялося цэлае гняздо мінуўшчыны. Мне трэба плакаць-галасіць аб тым, што ўжо ніколі ня вернецца. Я павінен быць вечнай сьведкай нямінуючага гора…

І моліцца стары Міхайла толькі аб адным, каб бог зьлітаваўся над ім — даў яму яшчэ колькі гадоў жыцьця. Каб палюдзку выплакацца — выстатнацца, каб гора сваё ў мора цэлае выліць, каб людзей ажно шорах прабіраў…

Яшчэ болей корчыцца-горбіцца стары Міхайла, яшчэ болей маўклівым робіцца, толькі вочы яго няпрытомна блішчаць, а ў грудзёх старых як-бы вужакі плодзяцца.

∗          ∗

І сьніцца старому Міхайле адзін дзіўнюсенькі сон. Сонечны летні дзень. Перад яго вачыма пасекі, як заварожаныя, нікнуць, а на іх месцы па лагчынах паказваюцца сталетнія пні, з якіх цячэ сьвежы смалісты сок. Раптам пні, як прачыхаўшыяся волаты, падыймаюцца з моху і становяцца кожны на сваё ранейшае месца. Галіны ў адзін міг адрастаюць. Расісты папаратнік блішчыць ля ручая. Пад стромкімі бярозкамі мухаморы растуць цэлымі сямейкамі… Жаўранкі блізка пяюць. Зайчык скача з аднэй купіны на другую. А лес гэткі харошы, гэткі прыгожы, што проста, цягам цягне да сябе старога Міхайла. Ідзець Міхайла да лесу, выстаўляючы рукі наперад, хоча забрацца ў цянёк-халадок, ды сіл не хапае. Ідзець ён бліжэй да лесу з пацехай у душы і… раптам прачыхаецца.

∗          ∗

І сьніцца старому Міхайле другі дзіўнюсенькі сон. Прад яго вачыма зялёны луг. Дзень кірмашовы. Ён стаіць ля рэчкі на грэблі зыбкай і чакае сыноў сваіх з царквы. Вось чуе ён званок Антонавай жаробкі, вось чуе ён знаёмую песьню Цыпрука Рабога