Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па вёсках ціха і сумна… Вечарынак, гульняў няма… Пакінулі сыны бацькоў сваіх старых, пакінулі бацькі дзяцей сваіх малых, — усе здаровыя і здатныя мужчыны пайшлі туды… А калі вернуцца — невядома… І стогны па вёсках бедных раздаюцца, і замарнела жыцьцё людзкое, застыгла, спалохалася…

Часам па гасьцінцу да воласьці можна прыкмеціць некалькі згорбленых фігур. Памалу кратаюцца яны наперад. Паміж імі ёсьць і стары Міхайла. Усе яны ідуць у воласьць даведацца, што чуваць з вайны, мо‘ ёсьць вестка якая ад сына, ад мужа ці ад бацькі… У воласьці чытаюць некаторым лісты ад сваіх. Хто піша з пазыцыі, хто з лякарні — ранены, а хто з палону. Аб некаторых ёсьць весткі, што яны ўжо доўга жыць загадалі родным сваім, а самі аддалі свае душы на полі бітвы…

Хто плача, слухаючы гэтыя навіны, а ў каго сьлёзы ў сэрцы застыглі… Да чаго-ж гэта чалавек ня можа прывыкнуць у жыцьці!..

Амаль ня ўсе даведаліся аб сваіх; толькі стары Міхайла, нічагусенькі даведацца ня можа… Пайшлі ад яго ўсе тры сыны родныя, пайшлі і ніякай вестачкі ад іх няма…

∗          ∗

І чакае стары Міхайла вестак ад сыноў сваіх. Ня есьць, ня п’ець, ды ўсё чакае. Спаць перастаў, праца з рук валіцца і, анямелы, пазіраець ён апухлымі вачыма на шырокі гасьцінец; а, сыноў як-бы віхор панёс, як-бы мора глынула…

І чакае стары Міхайла хоць ад аднаго з іх навінкі якой; высах, бедны, яе шкілет, і толькі цень ад яго астаўся… Што з сынамі ня здарылася-бы — ці жывуць, ці ня жывуць, — а, ўсё-ж-бы лягчэй было-б на душы, каб праўду даведаўся…

Але ад іх ні слуху ні духу..,

І часта цягаецца стары Міхайла ў воласьць і надаядае прыставаньнямі сваімі да кожнага ўстрэчнага-папярэчнага, пытаючыся, мо’ хто ведае, ды казаць ня хоча… Просіцца — моліцца, на каленях, енчыць. зямлю цалуе, каб яму ўсю праўду выказалі — ці сыноў яго ўжо маці-зямліца забрала, ці не…

А вестак як ня было, так і няма.

І скруціўся стары Міхайла ў тры пагібелі адзін-адзінюсенькі ў хатцы сваёй. Ваўкі пад вокнамі выюць… Мяцеліцы гудзяць. Віхор усю страху зьнёс з яго хаткі. Гурбы сьнегу навярнула на дзяцінцу і няма, на’т, як дабрацца да яго, бо Юда жэніцца ў чыстым полі. І тужыць стары Міхайла адзінока, доўга тужыць па родных сынох сваіх… Ажно рукі і ногі млеюць ад тугі вялікай, ажно галава ходырам ходзіць ад жальбы бязьмернай…

І сьніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён на кожным кроку: то курыца запяе, то люлька з губоў выпадае, то зайчык дарогу пераскочыць, то з пустымі вёдрамі нехта яго спаткае… І жыцьцё яму прыкрым робіцца… І думае ён: «напэўна, груганы даўно расьцягалі костачкі сыноў маіх па чыстым