Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Туга старога Міхайлы.

Шэпты… Лясныя шэпты, чаму вас ня чутна? чаму вы анямелі?..

Вочы пазіраюць увакруг, шукаюць у далі, мо’ дзе цёмнай устужкай уецца, цямнеець густы бор, мо’ дзе ў зелені туліцца бярэзьнік…

Пуста, сумна…

Маўклівыя даліны пакрыты жылістымі карчамі… Там, дзе былі бары, жаўцеець жвіровы пясок. Рэчка высахла…

Ціха, жудасна…

Шэпты… Лясныя шэпты, дзе вы?

Ці не шчасьлівы сон моладасьці гэта быў?..

Калісьці жылі ў гэтай ваколіцы лясныя шэпты. Як здані, зьніклі лясы, зьніштожаны бязжаласна людзкімі рукамі да апошняга пня… Як лысая галава старога дзеда, выглядаюць даліны, вёскі, гасьцінцы, і вока доўга блудзіць па нудным абшары, шукаючы дробнага гайку на пагорку, гаварлівага альхоўніку у мокрай даліне, але дарэмна. Муціцца вока ад сьлёз і бачыць у далі толькі адно: як неба зьліваецца з зямлёю, зямля туліцца да неба, шарэюць хаткі ўбогай вёскі, а болей нічога…

∗          ∗

Праз ваконца беднай хацінкі сваёй пазірае стары Міхайла, углядаючыся сваімі сьлепаватымі вачыма. Старанна прыслухіва?цца ён к якімсьці таемным зыкам, як-бы чуе каля сябе дух быўшага тут лесу, і жальба наскрось прабірае сэрца старое, нібы плач пакрыўджанага… Воклічы лясных шэптаў ажываюць у яго душы, і стары Міхайла доўга моўчкі сядзіць, як акамянелы. Шкада яму гэтага лесу, як роднага сына, бо Міхайла з дзіцячых гадоў зжыўся з гэтым лесам, яму Міхайла аддаў вялікую частку душы сваёй і цяперака боль шчэміць яго сухія косьці.

∗          ∗

Гоманы… Людзкія гоманы, чаму вас ня чутна? Чаму вы анямелі? Дзе тыя вясёлыя дзяцюкі? Две тыя рупныя, працавітыя гаспадары?..