Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэта рассьмяшыла Арцёма й Міхалку.

— Кінь, Марцін, вязаць яго… ён і так не ўцячэ, — казаў Міхалка.

— Мы яго лепей сваім судом — асьцёбаем гэтымі лейцамі й годзе! Ён болей красьці ня будзе.

V.

— Сваім судом… лепей сваім судом, братцы… — замарматаў раптам сам Ігналя замагільным голасам.

— Што-ж, пане дабрадзееньку, няхай будзе сваім судом! — згадзіўся Марцін і пачаў адкручваць вяроўку, дзеля чаго яму прыходзілася зноў прайсьці свой танец вакол Ігналі, але ў адваротны бок.

Асьцёбаць лейцамі — гэта ўжо для селяніна плёвае дзела, рэч звычайная: і яго б‘юць да тых часоў, пакуль ня зробіцца гаспадаром і ня ўвойдзе ў сілу і ён б‘ець — і сваіх дзяцей, і жонку, і скаціну. Біць ён умее, нават, моцна, нават, да крыві… Чуе селянін у гэтым асабісты смак, нават, бо й яго плечы чулі на сябе гэту музыку шмат разоў. Ад гэтага і здаравееш і прыстойным чалавекам робішся.

«За бітага двух нябітых даюць». Гэтае пракананьне ў думках селяніна лепей і мацней за штодзённыя пацеры…

Тут толькі «судзьдзі» зьдзівіліся, чаму яны не пачалі з гэтага. А, здаецца, рэч тавая простая: злавіў злодзея — бі і не шкадуй.

— Лажыся! — закамандаваў Марцін, — і, пане дабрадзееньеў, кашулю падымі: трэба «панастаяшчаму!» А вы, хлопцы, будзеце яго трымаць за рукі й за ногі.

Ігналя слухмяна лёг на падлогу тварам уніз і падняў кашулю. Арцём і Міхалка ўвяліся яго трымаць за рукі й за ногі. А Марцін падняў лейцы для выпаўненьня экзэкуцыі.

Спакойна ляжала на зямлі няшчасная ахвяра, чакаючы кары. Жоўтай плямай вызначаліся худыя голыя плечы і паясьніца Ігналі, якая мела на сябе цёмны, брудны сьлед ад пояса вакол усяга цела. Дрыжэла голае цела чалавека. Так дрыжэда, ажно прыкра было глядзець.

— Хутчэй, хутчэй! Раз, два, тры! — закамандавалі ў адзін голас Арцём і Міхалка.

Марцін падняў лейцы і пачаў «караць». І чым болей ён біў, тым болей яму хацелася яшчэ, не зьвяртаючы ўвагі на стогны Ігналі і на плач і прычытваньні хатніх.

Пякельная жуда панавала ў хаце… Катаваньне парабіла людзей на зьвяроў, на няпрытомных ваўкалакаў. Ім прыемна было зьдзекавацца, над другім чалавекам. Яны ад гэтага хмялелі…

Жонка Марціна чуць адарвала мужа ад няшчаснай ахвяры. Арцём і Міхалка так сама адскочылі ў бок, як Марцініха абліла іх халоднай вадой.