Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Упоцемках ён ціханька абуў лапці, нагінуў кажух на плечы, надзеў шапку на галаву й, прыслухоўваючыся да здаровага, роўнага храпу сваёй жонкі, вышаў з хаты. У сенцах ён узяў пусты мяшок, які ляжаў на кубле і вышаў на двор.

Было за поўнач. На дварэ стаяла імгла. Шэры сьнег аддаваў пахам прадвясеньняй вільготы й сьвежым гноем. Ігналя некалькі хвіляў стаяў, як-бы разважаючы аб нечым, потым цьвёрдым крокам падышоў да хлева й стаў ля варот, прыслухоўваючыся, што робяць яго жывёлы.

Рыкнула карова й заржала кабыла. Яны пачулі свайго няшчаснага гаспадара ля варот. Гэта кранула такія струны Ігналева сэрца, ажно ён, як вар’ят, схваціўся за галаву й вялікая рашучасьць выявілася ўва ўсім яго целе, ува ўсіх яго рухах. Ён цьвёрда й сьмела вышаў на вуліцу, размахваючы рукамі. Азірнуўся па бакох і пашоў уздоўж вуліцы да канца вёскі.

— Я тут не вінават, — разважаў ён сам з сабою: — ня мне карысьць з гэтага. Усё роўна карова не дае малака, а на слабай і старой кабыле, нават, у лес па дровы не паедзеш. Але не магу далей цярпець… Толькі ў каго? У якога гаспадара ўкрасьці мяшок сена?.. Ды ня красьці, а проста так вазьму, а ўлетку, у час сенакосу, уночы, каб ня ведаў ніхто, аднясу назад да яго коп наў, і дзела, будзе шыта й крыта, і сумленьне маё будзе чыстае. Толькі да каго йсьці? — падумаў ён: — пайду да Марціна. Яго сенакос за рэчкай мяжуецца з маім логам, дык я адкіну яму летам пару ахапкаў сена й нічагуткі. Так пазычаць у каго-колечы ўдзень, дык ужо ніхто ня дасьць, бо ўжо ўчора адмовілі, а жывёліны, цэлы дзень галодныя стаяць.

Ігналя хлюпаўся ў сваіх атопках сярод вуліцы, дзе лужыны ў глыбокіх калдобінах ужо стаялі. Потым ён пашоў агародам наця нькі, не разважаючы, нават, аб тым, што сьляды астануцца, сьвежыя й яўныя ў гладкім сьнезе.

Дзесьці забрахала сабака, засьпяваў певень. Жудасна зрабілася Ігналю і не па сябе. Ён прыстанавіўся, прытаіўся й пачаў пільна азірацца вакол. «А ўсё-ж такі я йду красьці і гэта першы раз у маім жыцьці…» Холад агарнуў чалавека, Але… эт! нічога, ня зробіш!

Як усё супакоілася, ён пацягнуўся далей. Трапіў адразу да пуні Марціна, якая стаяла далёка ад хаты й ад хлявоў на гумне. На варотах вісеў маленькі замочак. Тут ужо Ігналя ні аб чым ня думаў, нават, не аглянуўся па бакох. Пакруціў замок туды-сюды, і слабы замок, які бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на страшунак, адламаўся. Ігналя, нават, не спадзяваўся, што так лёгка гэта яму ўдасца. Ён пачаў адчыняць вароты, каб ня скрыпелі. Ён аж язык выставіў ад нейкай унутранай натугі. Яму трэба было адкрыць такую шчэліну, каб толькі цела яго праціснулася. Гэта рабілася ў яго так асьцярожна й ціха, як-бы ён нападаў на сьпячага чалавека, каб