Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гарадцы збоку стаяла рабая худая кароўка. Моўчкі жавала яна сваю жвачку, стоячы ля пустой загарадкі ў жыдкім гнаі. Час ад часу карова жаласьліва мычэла з голаду, адварочваючы сваю галаву, і пазірала з дакорам на гаспадара свайго рахманымі вачыма. І нібы сьлёзы стаялі ў яе вачох.

Нешта, кальнула тады Ігналю ў нутры. „Нават і саламяная вечна скончылася“ — падумаў ён. З другога боку хляўчука стаяла пярэднімі нагамі ніжэй, а заднімі вышэй старая, лысая кабыла. Колькі разоў яму жонка гаварыла падраўняць гной у хлеве, а ён усё адкладваў. Колькі разоў ўночы кабыла закідвалася й чуць не задушылася, а ён не зьвяртаў увагі. Кабыла стаяла апусьціўшы галаву, і нібы глядзела ў нейкую глыбокую процьму, куды зьбіралася скокнуць. Вочы яе былі мутныя. Кабыла як-бы думала сваю цёмную, цяжкую думу. Ігналю здавалася, што ў цішы яна зараз загавора да яго аб сваім голадзе. Ігналя падышоў да кабылы й пачаў яе гладзіць па сухіх выпуклых рэбрах. Але кабыла не прыняла яго ласкі, падняла голаў, навастрыла вушы й пачала сьцёбаць хвастом па бакох, як-бы адганяючы заядлую муху. Ігналя на яе не зазлаваўся за няпрыхільнасьць да яго, і жаль яшчэ болей яго разабраў. Нешта сашчамілася ў яго грудзёх, нешта гарачым комам стала ў яго горле; ён імпэтна абхваціў голаў кабылы сваімі каравымі рукамі і заплакаў. Неяк лёгка яму зрабілася: абяцаў ён кабыле надалей быць добрым гаспадаром, каб ёй, гаротніцы беднай, болей галадаць ня прыходзілася.

II.

Як застанавіўся Ігналя пры гэтым апошнім успаміне мінулага дня, дык ўжо аб нічым іншым думаць ня мог. Галодная кабыла й кароўка ня выходзілі з яго галавы. Што яны, бедныя жывёліны, вінаваты ў тым, што ён такі нікчэмны чалавек? За што ім галадаць? Гэта-ж ня людзі, яны жаліцца і прасіць яды ня стануць. Маўчаць і маўчаць, і глядзяць галоднымі, мутнымі вачыма, вакол сябе.

Іхняя маўчанка яшчэ болей разварушыла Ігналю. Каб яны гаварылі так, як яго жонка вечна мелець языком, дык тады мо’ гэта яго не абышло. А то маўчаць. Яму здавалася, што, каб яны хацелі, дык і загаварылі-бы, ды яшчэ якой мовай! Кожнае слова рэзала-б яго сэрца, як нажом, калола-б, як ражон, толькі вось шкадуюць яго, Ігналю… І чатыры гаварлівыя бяз слоў вочы яго маўклівых дзьвюх жывёлін так і глядзелі на яго з усіх цёмных шчэлінаў убогай, пустой хаткі… Ігналя жмурыў вочы, кутаўся пад кажухом. Тады галодныя вочы жывёлін, як бліскучыя арэхі, як срыбныя сьлівы, лезьлі да яго пад кажух, датыкаліся яго лобу і сваім холадам гарачылі яго цела, сваёй гарачкай кідалі яго ў дрыжаку, барабанілі яму ў мозаг, як буйны, гарачы вуглёвы град. Ігналя стагнаў, корчыўся, халодным потам абліўся, але нарешце ня вытрымаў і ўскочыў з свайго ложка.