Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кпяць з яго моўчкі, пастаянна кпяць, дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам і нічога ня кажуць. А ён? Ён, як асалавелы, глядзіць на ўвесь сьвет ад самога маленства. Работа валіцца з яго рук і ўсё ў яго хаце псуецца, марнуецца з таго часу, калі стары бацька памёр. І нібы то, нават, жаданьняў няма ў яго душы да стараньня, і нібы спрасоньня глядзіць ён на цэлы сьвет, і, нават, злосьць яго не бярэ на Цыпрука за тое, што той жыве з яго, Ігналевай, жонкай. А тут, здаецца, столькі злосьці трэба было мець, каб скруціць Цыпрука ў бараньні рог.

Ігналя зазлаваўся на самога сябе за тое, што ў яго злосці ня было на другіх людзей. Злавацца на самога сябе ён яшчэ час ад часу мог.

Сьціснуў ён кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і марматаў сабе пад нос:

«Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне!»

Марматаньне яго ўсё мацнела і мацнела. Ён стаў сярод вуліцы. Цела яго напружылася, ногі цьвёрда стаялі, укапаўшыся ў сьнег, ён іх так моцна выпрастаў, ажно жылы забалелі й дыханьне ў грудзёх сьпёрлася. Але доўга ня мог ён вытрываць гэткай натугі: пачаў і целам і думкамі слабець, як спрунжына, якая, пасьля націску, адпускаецца, назад. І марматаньне яго з кожнай хвіляй зноў слабела.

— Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне! — шаптаў ён усё цішэй і працяжней, нібы калёсы, якія коцяцца самі пасьля вялікага разгону і імпэт іх слабеець з кожнай хвіляй.

— Го-го-го! — дачуў ён рогат вакол сябе. — Глядзеце, добрыя людзі. Ігналя звар’яцеў, бог, звар’яцеў!

Тут Ігналя схваціўся, як-бы ад цяжкага сну, азірнуўся — ажно вакол яго стаіць грамада людзей, і якія ў іх кплівыя вочы, усьміхаючыяся здаволеныя твары, ажно ў яго грудзёх нешта хруснула ад болі; увесь ён пакрыўся потам ня то ад крыўды, ня то ад сораму — і давай бог ногі.

Ён уцёк ад вясёлай кампаніі, якая нешта шумела, галдзела й сьмяялася. Ён ня прыслухоўваўся, што яны там гаварылі аб ім: страшна было яму прыслухоўвацца. Ён уцякаў, як ад чумы, ад халеры, ад дзікіх ваўкоў. Уцякаўшы, ня чуў ён пад сабою ног, нібы ў паветры насіўся. Ачухаўся ён толькі ў сваім хлеве, дзе ён стаяў прыпёрты да сьцяны і моцна сапеў. І было ў яго душы тады гэткае ўражаньне, нібы яго аплюхалі нейкай сьлізкай цеплаватай жыжкай, нібы ён задыхаецца ад гэтай жыжкі; якая папала яму ў рот, у нос, у вушы і абляпіла, яго ўскалмачаныя валасы.

Яшчэ цяпер, уночы, ўспамінаючы аб гэтым у сваёй хаце, яму робіцца моташна і нешта сасе ў грудзёх.

Потым, як троху супакоіўся, стоячы ў хлеве з паўгадзіны, ён пачаў азірацца па бакох. Палуцёмна было ў хлеве. Павуціна плялася ад бэлькі да бэлькі, а праз шчэліны прабіваліся сонечныя праменьні, якія залацістымі пасамі прарэзвалі змрок. У за-