Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярод ночы.

I.

Ігналю ня спалася. Кідаўся з боку на бок, круціўся пад дзіравым кажухом, як няпрытомны, і ня мог заснуць. Думкі блуталіся ў галаве сярод цішы ночы і, як кусьлівыя авадні, не давалі чалавеку супакою. Ігналя ляжаў і стараўся прыпамінаць, якую гэта асабістую няпрыемнасьць ён у мінулы дзень перажыў, якую злыбеду, што вось душыць яго й цяпер. І давай, як па кнізе, чытаць кроніку пройдзенага дня ад самага раньня.

Жонка, хмурая й злосная, круцілася каля прыпечка, хацела зварыць штосьці на сьняданьне й нічога не зварыла, бо пачалася заўсягдашняя лаянка. Яна яго, Ігналю, прабірала, як заўсёды, за яго абібоцтва й нядбаласьць у гаспадарцы. Гэта раз. Потым яна так разгарачылася, ажно засапела, як кавальскія мяхі, пачырванела, вочы наліліся крывёй і яна, адзічэлая, схваціла вілачнік і кінулася да яго. Ён, нічога ня кажучы, выскачыў з хаты, як ашпараны варам. Гэта два. Потым ён швэндаўся па вёсцы, ня маючы дзе дзецца. Людзі з яго сьмяяліся, што ён баіцца жонкі, як агню. Яна яго лупцуе, апрача таго абманвае яго з Цыпруком, з якім часта валачэцца ў лес. Гэта тры. Ад гэтых кпінак людзкіх яму вельмі прыкра зрабілася; ён злаваўся на ўвесь сьвет і на самога сябе, але, сьцяўшы зубы, маўчаў і не адгарківаўся на прыкрыя вострыя слоўцы суседзяў. Яму сорамна было за свой чалавечы гонар, за сваю нікчэмнасьць і няздатнасьць.

— Чаму я такі? — думаў Ігналя. Людзі й ня больш зямлі за мяне маюць, а лепш жывуць. У іх хаты агледжаны, скаціна ў парадку, ёсьць і харчы для сябе і корму для жывёлін. а ў мяне вецер сьвішча па ўсіх вуглох. Чаму так?

І сорамна яму зрабілася: гэткія рукі, гэткія ногі і гэткая-ж галава ў яго, як у ва ўсіх, але нічога ў яго ня выходзе. Яму не шанцуе. І здалося яму, што ўвесь сьвет сьмяецца, з яго; усё, што ён бачыць вакол сябе: неба, сасонкі на гародзе й закарэлы сьнег на вуліцы — кпяць з яго, глядзяць на яго тысяччу вачыма, гэткімі кплівымі, як у Цыпрука, які жыве з яго, Ігналевай, жонкай.