Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОЎК.

Марозьлівае паветра пахла, ап’яняючай сьцежасьцю. Было надзвычайна прыемна і лёгка ў грудзёх. Ноч, асьвечаная сьняжыстымі далямі абшырных лагчын, прыслухоўвалася да лёгкага шасту палазоў, да глухага тупаньня капыт па пушыстым гасьцінцы. Кацярыненскія прысады, абрызганыя сівой шэраньню, стаялі абапал тракту, як два шэрагі мармуровых багінь, і чым шыбчэй фурман гнаў каня, тым шыбчэй прысады нясьліся нам насустрач.

Мне трэба было ехаць вёрст восемдзесят побач з беларуска-польскай граніцай, якую агібаў гасьцінец няправільнай, ломанай лініяй. Фурманка здарылася мне выпадковая з адным пагранічным жыхаром, які ехаў дамоў. Ён ахвотна ўзяў мяне з Менску. Мала гэтага — даў мне на дарогу вялізарную дарагую хутру, а ногі сам укруціў мне ў новае дамскае каракулевае пальто, зараней абсыпаўшы яго сьнегам, каб выглядала, як старая вопратка.

Я спачатку зьдзівіўся яго далікатнасьці, але хутка зразумеў у чым справа: гэтыя хутры яму трэба, было адправіць заграніцу. У валёнкі ён мне напакаваў некалькі столак залатых манет, гладка абверчаных паперкамі. Сам ён быў напакованы і абкручаны хутрамі яшчэ болей грузна, чым я.

Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць. Вёрткі, энэргічны і рубны. Ня гледзячы на тое, што ён вечна не дасыпаў, езьдзіў па начох, ён быў поўны і ружовы, — толькі вочы былі як-бы трохі прыпухшыя і чырвоныя і ў іх зьяў аганёк надзвычайнай прагнасьці. Спачатку мы ехалі моўчкі, ціха паглядаючы фурману ў шырокія плечы, абцягнутыя жоўтым сьвежа-пахучым кажухом. Ой сусед час-ад-часу пільна ўглядаўся па бакох, ці ня едзе пагранічны пост, часам загадваў фурману зварачваць ў бок ад дарогі і ехаць хучэй. Наогул, ён увесь час трымаў вуха востра.

Яго трывога як-бы праз электрычны ток перадавалася і мне. Я ад няпрывычкі трывожыўся яшчэ болей і пачаў на яго манеру падазронна ўглядацца ў даль і прыслухоўвацца.

— Што, боязна? — запытаўся ён у мяне ціха: — адразу відаць, што чалавек ня прывык. А я дык прайшоў добрую школу.

— Я і прывыкаць не хачу, люблю спакойнае жыцьцё, — адказаў я.