Перайсці да зместу

Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

боту, пабудаваў сабе з аполкаў будку каля печы сваёй быўшай хаты і жыў там адзін. За гэта і работнікі пры будынках і суседзі з ваколіцы называлі яго «дамавіком», але ён на гэта не злаваўся і так уцягнуўся і прывык да гэтага прозьвішча, што калі, часам, звалі яго імем «Лявон», дык ён не адклікаўся. Так што ўжо к восені зусім сур’ёзна ўсе звалі яго «дамавіком», нібы другога імя ён ня знаў ад самага раджэньня.

Разам з будынкамі йшла работа і на полі. Навезьлі шмат жывёлы, коняў, валоў, кароў, авечак і пташства, Аралі, сеялі, касілі, жалі і ўсё было зьвезена ў новыя, сьвежыя, пахучыя будынкі. Тут ужо відаць было, што не мазалістая рука панурага гаротніка-ратая будавала для сябе гняздо, дзе памалу сам гаспадар на сваім коніку возіць бярвеньні, майструе курную хацінку, праз год зьяўляецца пуня, потым ток і кожная здабытая жывёліна — цэлы пераварот у яго шэрым жыцьці. Не. Тут збудавалася гняздо багатыра. Як залаты дождж, сыпаліся дукаты. Пан сам пальцам аб палец не крануў, а дзесяткі людзей, найміты-нявольнікі за яго працавалі. Нібы па чароўніцкаму, як у казцы, усё зрабілася адразу. Як «га», гатоў быў рай на зямлі. За адно лета пасьпелі, нават, сажалку выкапаць пад пагоркам, агароднік-немец пасадзіў маладзенькі вялікі сад, абапал дарогі да гаспадарскага дома былі пасаджаны прысады — маладыя таполі. Высокі; новы афарбаваны крыж з масянжовым панам Езусам красаваўся на дароге да новага хутара, як шчыры вартаўнік багатырскага арлінага гнязда. І маладыя прысады выглядалі так сама, як шарэнга малайцоў, якія вартавалі новы хутар, што красаваўся сваімі бялюткімі, высокімі, зграбнымі будынкамі, дзе ўсё былое зроблена з багатай рукі — і пекна, і моцна, і выгадна, ажно вачом люба было глядзець. А ў гумнішчы было поўна збожжа, пахла сьвежым сенам, кветкамі, якія былі хлапатлівай рукай пасаджаны каля ганку круглымі клюмбамі-дыванамі аксамітнымі. А заводнае стада пасьвілася ў лагчыне, і кожная штука выглядала, як лялька, як намаляваная. І ўсё было так урачыста і багата, ажно вока вабіла. Новы хутар выглядаў паміж ваколечных вёсак, як багата прыбраная каралеўна акружоная вясковымі бабамі-прыслужніцамі. Простыя прыслужніцы былі забедны для такой пышнай асобы. І само неба, само сонца йначай глядзела на новы хутар, чымся на ваколічныя вёскі: першаму сьветла ўсьміхаліся, а на апошнія хмурыліся або іх зусім не прыкмячалі.

Адна толькі фігура пана Езуса на новым пышным крыжы выглядала не багата ў сваім багацьці. Здавалася, што ўзялі любога жабрака, з-над цьвінтара, надзелі яму карону на галаву і назвалі царом, а ён тым часам выстаўляе руку, кланяецца, і просіць капеечку, кажучы пры гэтым: «Ня брат я вялікім і багатым. Я — самы просты з простых. Я — самы бедны з бедных. А палацы будавалі, на гэтым полі прадавалі, гэтыя жывёліны даглядалі мае браты — бедныя мужычкі. Яны маюць вялікую творчую моц каваць скарбы для чужых, тварыць раі для чужых. Вось