Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

такімі слоўцамі, якія хмеляць, вабяць, абяцаюць і не абяцаюць, якія спаць не даюць па начох местачковым гандляром.

І вось гандляры пускаліся на выперадкі ў Такароўшчыну ў васеньнія дажджлівыя раніцы й, нават, па начох. Кожны з іх хацеў быць першым, кожны хацеў сабе загарнуць сьмятанку такароўскай працы і ў канцы канцоў заўсёды канчалася тым, што ў адну любую раніцу ў Такароўшчыне пачынаўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі на шум, як на пажар. Гэта, як наўмысьне, усе гандляры зьяжджаліся разам і каля кожнай хаты стаялі пяць-шэсьць фурманак. Тут зноў бароды і пэйсы ляцелі, як птушкі, па вуліцы і сінякі на тварох цьвілі, як васількі,

Такія катавасіі заўсёды канчаліся «хэрымам». Гэта, значыць, што ўсе гандляры згаварываліся паміж сабой і зусім ня куплялі тавараў у такароўцаў у вёслы, а пастанаўлялі так, што ў якое мястэчка, да якога гандляра такаровец сам павязе свой тавар — той без перашкод купляў у яго за пэўную цану, вызначаную «хэрымным» кагалам.

Тут ў такароўцаў гонар троху адпадаў на некалькі квінтаў уніз, і яны самі вазілі тавар да тых, хто ім болей спадабаўся, і хто лепей угашчаў. Гэтак у іх вялося спрадвеку. Яны шчыра прадавалі, добра жылі і ад іх людзі лепей зараблялі.

Так шло пакаленьне за пакаленьнем. Старыкі паміралі, маладыя старэлі, а малыя падрасталі. Было ўсё спакойна, добра і йшло, як па заведзенаму добраму загарку.

Суседнія вёскі зайздросьцілі ім часам за багацьце і іх, нават, ня любілі і стараліся ўсялякімі штукамі такароўцам дапякаць. А разбурыць супакой душы такароўца было надта лёгка. Было адно чарадзейнае слова, ад якога такаровец дрыжэў, нібы ўбачыўшы перад сабой нячысьціка; ён, пачуўшы гэтае слова, чырванеў, бляднеў, дрыжэў, як асінавы ліст і адсовываўся назад, як ад гарашчай лучыны. А слова гэтае было зусім, здаецца, простае, звычайнае: «кутнік».

І, здаецца, сьмех адзін бярэ — назваць заможнага, багатага гаспадара з Такароўшчыны «кутнікам». Але калі які малы жэўжык — пастух, часам, калі ўзбураны тараковец забярэ ў хлеў яго карову з поля за патраву, крыкне на дарослага, як дуб, асілка з Такароўшчыны «кутнік», дык той, нібы ад таемнай замовы чараўніка, адразу знямеў, язык прыклеіваўся да губы і — «ні бэ, ні мэ, ні кукарэку» — асілак слабеў і ня ведаў, што рабіць, ажно жаль было глядзець на яго, Такаровец выглядаў, як жывы труп і толькі салопаў асалавеўшымі вачыма.

У чым была сіла слова «кутнік»?

А вось у чым.

Земля Такароўшчыны належыла не да сялян, а да блізкага пана Магдановіча, багатыя маёнткі якога рассыпаны па ўсім павеце і займаюць, бадай, дзесятую часть усяго павету. Калісьці ў яго прадзеда ляжаў дзікі пустыр зямлі без усялякага ўжываньня,