Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На балоце пачалася трывога. Мужчыны, кабеты і дзеці заёрзаліся, разышліся ва ўсе бакі зьбіраць сваіх коняў і кароў.

— У барок трэба ехаць праз Ціменку! Туды, сукіны дзеці, не прабяруцца. І ня гуртам ідзеце, а ў адзіночку, — закамандаваў дзед: — і голасу вялікага не падымаць!

Быў вясёлы летні поўдзень. Балотная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай, высокай сьцяною лесу, млела ад гарачыні. Высокая па пояс залёная шчотка травы была скалмачана людзьмі і жывёлінамі. Дзе-ні-дзе спаміж травы ірдзелася мутна-меднага колеру балотная рудаўка, якая пазірала ўверх, нібы аграмаднае, мёртвае вока. Дзе-ні-дзе тырчэлі сухія, леташнія сьцяжарні.

Ценкі паплет тырчэў ўверх, нібы вялізарныя, букаватыя пальцы падзямельных страшыдлаў, і сьцяжарні паказвалі ворагу, дзе хаваюць сяляне сваё апошняе багацьце — коняў і кароў.

Клопатна кружыліся нізка над травою балотныя птушкі. Яны займаліся сваёй звычайнай, штодзённай працай: лавілі мух, мушак, глыталі рабачкоў у рудаўках і гучна сьпявалі на розныя лады. Дзе-ні-дзе горда і спакойна спацыравалі буслы.

На ўстрывожных людзей зварочвалі ўвагу толькі коні і каровы, якіх адарвалі ад яды. Людзі ў адзіночку ціха вялі коняў, гналі кароў да рэчкі на самым канцы балотнай, вялікай паляны. Шастала трава зьмяіным затаёным шастам:

— Ш-ш-ш… с-с-с…

Хлюпала балота і гойдалася пад нагамі, як чартоўская зыбка:

— Хлю-ю-п, хлю-ю-п, хлю-ю-п!

Во праваліцца балота… во людзі і жывёла праб‘юць яго пухкі, верхні слой, абросшы высокай драцяной травой; праб‘юць, як стары кажух, і праваляцца наскрозь, ажна знаку ад іх не застанецца… Узьдзівяцца маўклівыя буслы, зашастаюць моцнымі веярамі-скрыдламі, падымуцца над балотам і, купаючыся пад небам ясным у растопленым золаце гарачага сонца, панясуць у празрыстыя летнія далі нямую казку аб тым, як балота глынула людзей і жывёлін…

Людзі ціха цягнуліся да рэчкі балотнай жывым ланцугом, у брод перапраўляліся праз рэчку і таялі разам з сваімі жывёлінамі ў блізкай ля рэчкі пушчы. Апошнім прабраўся праз рэчку сівы, высокі дзед.

Здалёку чулася кулямётная страляніна: «тра-та-та, тра-та-та». Нібы хтосьці рассыпаў боб па сухім гліняным таку.

— Гэта нашыя паўстанцы б‘юцца з палякамі, — падумаў дзед. І ўсьмешка ўзьявілася на яго худым твары. Ён прыпомніў, як калісьці і ён з туркам біўся, але тады нейк войны былі інакшыя і ўсё жыцьцё было інакшае. Тады гвалтам цар гнаў людзей на бітву з невядомым ворагам, а цяпер людзі самі ідуць. Усе маладыя хлопцы з ваколічных вёсак пайшлі на пана, ды ня толькі маладыя, а барадатыя мужыкі пайшлі, з віламі, з тапарамі.