Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На балоце.

— Няхай спухну, калі гэта мана, няхай спухну! — хрыплым, надломаным голасам гаварыў засопшыся хлапчук бяз шапкі, з скалмачанымі, успацеўшымі валасамі. Хлапчук біў закарузлым цёмна-бураковым кулачком па парванай світцы ў худыя грудзі свае, хлёпаў босымі, парэзанымі нагамі па гразі і ўсё паўтараў «няхай спухну!»

— У чым рэч? Што такое? — накідвалі яго пытаньнямі старыя людзі; — гавары хутчэй!

— Няхай спухну, калі няпраўда!

У вачох хлопчыка зьяла асабістая радасьць выпаўненага сакрэтнага абавязку. Ён глытаў словы і здавалася, нібы шчыра жадаў спухнуць раней, каб лягчэй было потым апавядаць нешта асабліва цікавае і бязьмерна жудаснае.

Яго акружыла цэлая грамада старых сялян, кабет і дзяцей, і кожны з нецярплівасьцю глядзеў хлопчыку ў рот і чакаў, што ён тут раскажа.

Хлопчык пазіраў ва ўсе бакі леса і балотных абшарынаў, углядаўся падазрона ў цёмныя кусты і моцна сапеў.

— Кажы скарэй! спухні, каб цябе чэрці, і кажы! — злобна крыкнуў адзін стары дзед, высокі і худы, са зморшчаным тварам, з жоўта сівенькай бародкай. Дзед пры гэтым моцна ўеўся мазалістымі, скручанымі пальцамі ў плечы хлопчыка, і пачаў яго тармасіць на ўсе бакі, нібы галінку кволага кусьціка.

Хлапчук нібы гэтага толькі чакаў. Ён адразу перастаў сапсьці і загаварыў.

— Лігянеры даведаліся, дзе мы хаваемся. Ім сказаў зладзюк Бавэлчык.

— А, падліза панскі! — заскрыпеў дзед вусамі ад злосьці і моцна вылаяўся. — Болей што даведаўся?

— Лігянеры сюды зараз прыдуць і забяруць нашых коняў і кароў. Бавэлчык іх сюды вядзе зімнікам.

— Вось шэльма, вось гад! Хіба выберацца ён адгэтуль разам з панскімі псамі, а то дадзімо яму ў рукі яго шальмецкую галаву — хай цацкаецца з ёю, як з гнілым гарбузом.