Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ад гэтых паганых сьцен, дзе катавалі нашых дзядоў, дзе кроў нашая лілася пад панскім бізуном, — крычалі мужыкі.

Пачалася між іх лаянка — гарачая, ядраная, вясковая лаянка. Ад лаянкі перайшлі да тузганіны, ад тузганіны да кулакоў…

Так ваявалі паміж сабою мужыкі за «панскі дух». Адны шкадавалі дарма бяз толку нішчыць панскае дабро, а другія настайвалі, каб і званьня не пакінуць тут ад «панскага духу».

Фэльчар Зяблік стаяў здалёку, баючыся блізка падыйсьці «разьяраных мужыкоў» і думаў:

— Ой, уляціць ім ад пані. Ой, уляціць!

Фэльчар дрыжэў ад страху, як асінавы ліст, і ня рад быў, што сюды прышоў. Ня ўдасца яму выратаваць маёнтак…

На, гумне загарэўся стары драўляны сарай… Бухнуў вялікі агонь… Хтосьці абкладываў саломай старыя палацы…

Атраду чырвонаармейцаў удалося патушыць пажар, удалося ўгаварыць сялян, каб разыйшліся па хатах.

Цяпер Зырачанскі маёнтак лічыцца савецкім маёнткам, а ў старых пакоях нарыхтавана для вясковых дзяцей добрая школа.

Рады сяляне, што іх тады затрымалі пусьціць маёнтак агнём. Панскага духу, якога сяляне баяліся бясконца, там і ўспаміну няма.

Панскі дух выгналі адтуль дашчэнту. Ліповыя прысады і цяпер злучаюць у адно маёнтак з вёскай, але цяпер гэтая крэўнасьць складаецца ня з ненавісьці, а з шчырай любасьці, бо малазямельныя зырачанскія сяляне залажылі ў маёнтку камуну.

Духу панскага там болей ня будзе.

Фэльчар Зяблік, які пайшоў у бандыты бараніць панскі дух і паліць вясковыя хаты, недзе загінуў разам з панскім духам.

Менск, 1922 г.