Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

працы, а без яе яму трудна жыць. Падмазаўся ён зноў да ключара Пятра:

— Давай, — ка’ — дзядзька, памагу табе каля брамы тупацца, а то аднаму, ма быць, цяжка.

Пятро згадзіўся.

І зрабіўся Панас памоцнікам ключара пры браме раю. Калі душа якая ў браму стукалася, дык Пятро толькі ключ паверне, а Панас адчыняў вароты. Пятро гляне, ці варта ў рай пускаць, а Панас тымчасам высуне лысіну, гледзячы, мо’ знаёмага спаткае. Часта гутарыў ён гэтакім чынам з сваімі аднасяльчанамі, дапытваўся навін і нічагусенькі. Паляшук усюды ў вус ня дзьме.

Але аднаго разу высунуў ён таксама галаву сваю між варот, каб зірнуць, дзе што дзеецца, і пры гэтым гэтак уздрыгануўся, як-бы яго хто ўкусіў.

— Божухна! Каго гэта я бачу? Гэта-ж — Тэкля! жонка мая! яна! Вочы не падманулі…

Пятро шмат яе не дапытваўся, бо ведаў, якая яна была пакутніца пры Панасе на зямлі, ды адразу ўпусьціў у рай.

— А! І ты тут ёсьць! — грымнула Тэкля, угледзіўшы Панаса, — ну і неспадзеўкі! Ці не заблудзілася я? Бо тваё месца ў пекле…

— Божанька, а мне цяпер рай горш пекла стане! — застагнаў Панас і з вялікага імпэту пераскочыў высокі паркан і наўцекі.

— Панас! Панас! — клікаў яго Пятро, — вярніся!

А Панас пёр на ўсе застаўкі. Ён ужо добра ведаў усе завулкі й глухія вулкі на небе, знайшоў ён яшчэ вандроўцаў-паляшукоў і зрабіўся іх павадыром.

Разьдзяліў ім Панас неба на шнуры й загадаў працаваць. Гэтак працуюць і па сягоняшні дзень. І запраўды, ім весела жывецца. Якое жыьа там расьце, якія лясы шумяць, дык толькі дзівіся!

Панас даўно кінуў сваю старую Тэклю, бо яна яму яшчэ на зямлі досыць абрыдла, і ўзяў ён сабе двух жонак. Толькі няхай вас гэта ня дзівіць, людзі добрыя, на небе можна мець шмат жонак, бо ў другі раз ужо ў магілу не ўвагоняць.

Панасавы жанкі, як усе бабы на сьвеце, вельмі цікавыя — хочацца ведаць, дзе што родзіцца.

Высуне адну галоўку сваю на зямлю, усьміхнецца, вочкі зьяюць…

— Сонейка, ўзышло! — кажуць людзі на зямлі. Радуюцца вясковыя, і лёгка й весела робіцца ім на душы.

— Чаго ты? Куды вочы лыпаеш? Мо’ баранава вока маладога ўгледзіла? — злуецца Панас на жонку сваю. Як рване за валасы ў другі бок, як пачне пытляваць, дык бедная ад болю аж зачырванеецца.

Другая жонка, хаваючыся ад гнеўнага мужа, таксама — тыц свой твар на зямлю, ня менш цікавая першай.