Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шумелі старыя панскія ліповыя прысады, трывожна шушукаліся, чуючы нейкую захаваную небясьпеку.

Грамада зырачанскіх сялян, як няпрытомныя, ляцелі ў маёнтак. Глухі шум гнеўных галасоў палохаў ліповыя прысады, цёпканьне лапцёў па лужынах аддавалася жудасным тахтам…

Пуста стала між ліповымі прысадамі. Грозны гук мужычых і кабечых галасоў данасіўся да іх з панскіх паладаў. Трэск дзьвярэй, дзынканьне шкла, хіхат і гнеўныя крыкі насіліся адтуль, дзе луналі пекныя гэрбы паноў Зырачанскіх.

Успацелы, засошпыся, бледны, бяз шапкі сьпяшыў да маёнтку адзіны вясковы граматны чалавек, адзіны інтэлітэнт — фэльчар Зяблік. Сьмешна, перавальваючыся з боку на бок, ён паглядаў на палацы з трывогай. Кожную хвілю яму здавалася, што во-во зара пакажыцца чырвань пажару, зара выбухне полымя, зара імкнецца ўвыш чорны слуп едкага дыму.

Фэльчара праняла нейкая асаблівая жаласьць да паноў. Нібы пекны сон яго жыцьця адыходзіў разам з імі. Хоць фэльчар родам быў мужык, але ад самых малых гадоў марыў аб тым, каб стаць панам. Усё панскае было яму дорага і міла. Жыва ўспомніў, як маладая пані надоячы вярхом на кані ўцякла ў суседні маёнтак, успомніў яе мілую кволасьць, вабную стройнасьць, спрыт амазонкі і яе тонкія ручкі, якія моцна кялзалі стаеньніка. Ня мог фэльчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачанаў ужо болей ня вернецца сюды. Ён быў пэўны, што пані вернецца, назад.

Пакуль ён даляцеў да маёнтку, ужо людзі там моцна «паработалі». Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў у руках партрэты польскіх каралёў ў цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў… На дзядзінцу былі навалены кучы вопратак, пасудзін, скураной і плюшовай мэблі, сталы, кнігі і розныя бліскучыя штучкі.

— Не чапаць адгэтуль нічога! — ахрыпшымі галасамі крычалі старыя мужыкі, — ня трэба нам гэтага панскага духу!

І тая старадаўная ненавісьць мужыка да пана, выгадаваная дзядамі і прадзедамі, брызгала яскравымі снапамі з сялянскіх воч, рвалася з грудзей гарачымі хвалямі.

— Не чапаць адгэтуль нічога, а то галовы пашчапаем! Ўсё спалім! — крычалі старэйшыя мужыкі.

— Ды шкода нішчыць, лепей забярэм сабе! — прасіліся другія.

— Няможна, няможна! Панскі дух у іх жыве, яшчэ панамі паробіцеся.

— Кнігі, кнігі возьмем, дзяцей па іх вучыць будзем…

— Ня трэба нам панскіх кніг… Там панскі дух… Там сам д’ябал сядзіць… Усё, усё спалім, разам з палацамі!

— Шкода гэткіх пекных палацаў нішчыць…

— Усё агнём пусьцім, каб пылу і праху не засталося тут