Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пры гэтым суседкі дробнымі й пэўнымі крокамі падыходзяць адна да аднэй, не перарываючы сваёй гутаркі дыплёматычнай. Нібы войска на войска наступае.

— Эт, — кажа Лявоніха цукровым голасам, — жыву-гадуюся, як гарох той пры дарозе, кратаюся як-колечы.

— А што чуваць у цябе, кумачка-любачка?

Гэта значыць: трасца, табе ў бок, ліха тваёй матары! Прышла ты, сарока, выведаць, што ў Хале маёй робіцца — свульлё даведаешся, недачаканьне!

— Эт, —кажа Сымоніха мядовым галасочкам, — і дабра ня чуваць і ад ліха ня ціха. Ой, бедная мая галовачка! Ой, жыцьцё маё палынь-травіцаю зарасло!

Прыяцельцы можна троха пажаліцца ды паскардзіцца

Гэта значыць: каб ты не дажыла, не дачакалася, пакуль я буду табе хваліцца, нячыстая душа, сваім багацьцем. Працую й жыву. Бог і рубельчыкам, і тым, і сім не абмінае — я не такая крывуля, як ты!

Бабы робяць кіслыя твары, кожная на свой лад. Гэтыя фізыяноміі вельмі розьняцца адна ад аднэй і вельмі падобны. Яны гавораць і мімікай.

Пастаць Лявоніхі кажа бяз слоў, але выразна:

— З чым прышла, з тым і пойдзеш скрозь зямлю.

Выгляд Сымоніхі кажа бяз слоў, але досыць зразумела:

— Трэскайся, лопайся, але ты ў мяне шышка не вялікая!

І добрыя суседкі далей гавораць:

— Скажы, любанька, Сымон твой перастаў піць? Ён рукамі болей да цябе ня соваецца? — пытаецца Лявоніха, і вочы яе робяцца рахманыя й жаласьлівыя.

Гэта значыць:

— Думаеш, гадзіна, ня ведаю, шо ён тваю скуру лупіць і ўдзень і ўночы? Але ты, здыхляціна, гэткага мужыка ня варта!

— Ха-ха-ха, золалца маё! — сьмяецца весела Сымоніха, — дзякаваць божаньку, як толькі знахар даў мне лякарства, дык рукой адняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся; цяпер ў мяне ня жыцьцё, а проста рай.

Гэта значыць:

— Хоць пукайся, сьцерва, хоць трэскайся на кавалкі, хоць макам рассыпайся, ня буду табе на радасьць жаліцца, што ў мяне бакі, як цапамі пабітыя ад зялезных кулакоў Сымона, каб ты запрапасьцілася разам з ім!

Лявоніха бярэцца рукамі за твар Сымоніхі, углядаецца ёй у вочы, ківае галавой ды й кажа:

— А праўду кажаш, даль-бог, праўду! Ты цяпер куды лепей, нават, выглядаеш. Ты зрабілася, як тая макавачка, чырвоненькая! А круглая-круглая, аж зайздрасьць бярэ!

Гэта значыць:

Агіда ты! Прыгажэйшую за цябе ў труну кладуць. Ой доб-