Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вае напалавіну сваю галаву. І вось з заміраньнем сэрца Лявоніхі блісь адным вокам у бок дзьвярэй Сымонавай хаты, так бліснула туды вокам, як-бы нажом пракалоць хацела дзьверы Сымонавай хаты, каб разок хоць глянуць, што там робіцца.

Але, як толькі зірнула, дык, як апараная варам, адскочыла, назад і стукнула дзьвярыма. Пры гэтым стукнулі дзьверы й Сымонавай хаты, бо Сымоніха рабіла тое самае; і яны ўгледзілі адна адну ў мігаценьне вока, у адных і тых самых позах, з аднымі й тымі самымі выразамі зацікаўленасьці ў вачох. Пры гэтым яны зрабіліся страшэнна падобнымі адна да аднэй, і кожнай здавалася, што яна толькі глянула ў люстэрка.

Троху адсопшыся, яны зноў прыняліся за сваю работу. Урэшце абедзьве, ня вытрываўшы, вышлі з сваіх хат, нібы на надвор‘е паглядзець і курэй паклікаць.

— Ціп-ціп-ціп-ціп! — кажа Лявоніха.

— Ціп-піц-ціп-ціп! — кажа Сымоніха.

І голас ў іх адзін і той самы — троха пісклявы, троха з хрыпоткай, троха салодкі й троха горкі, троха лагодны й троха сварлівы.

— А дзе-ж мае куры дзеліся, каб іх каршун? — кажа Лявоніха.

— А дзе-ж мой певень прапаў, каб ён здох? — кажа Сымоніха.

Пры гэтым яны паглядаюць адна на адну няшчырымі, масьлянымі вачыма. Хітрасьць і фальш відаць у кожным іх руху, у кожным павароце. А болей усяго гэта відаць у іх гутарках. Гэта хітрасьць даходзіць да сьмяхоты, да наіўнасьці, да нейкага асоба нага выразу шчырасьці, і кожная з іх ведае думкі другой лепей, чымся свае ўласныя.

Страляючы вачыма адна ў адну, Сымоніха з Лявоніхай патроху пачынаюць гутарку, як-бы наладжваючы скрыпкі. Мова іх на першы погляд здаецца самай простай і бязьвіннай, як дзіцячая гутарка, але яна і ня простая і не бязьвінная. Дзеля таго, каб зразумець глыбокі сэнс гэтай мовы, дык тут напэўна патрэбен добры тлумач — іначай чалавек не пачуе праўдзівага смаку.

— Дзень добры, Сымоніха! — кажа Лявоніха.

Гэта значыць: галавой уніз, паскудніца!

— Добры дзень, Лявоніха! — кажа Сымоніха.

Гэта значыць: згінь ты, прападзі, падла старая!

— А даўненька мы ня бачыліся, суседачка.

Гэта значыць: дай бог, каб цябе, паганіцу, ужо болей ніхто ніколі не пабачыў.

— А во, іду даведацца, як ты маешся, міленькая.

Гэта значыць: чаму так доўга ліха цябе яшчэ не забрала, шэльма?