Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хочацца паказаць, што ўлегцы ня ўзяць мяне, знакам тым — і на панскіх ігрышчах граю. Вось я згадзіўся. Фурман панскі астаўся бочку вартаваць, а я з панічом смарганулі на ўсе застаўкі. Платы й дрэвы ажно мігацелі ў вачох. Паніч даў мне доўгую пугу ў рукі, а я толькі — смаргуль! ажно люба, як ляскочыць.

Прыехалі мы ўрэшце да панскіх пакояў, узяў я дуду пад паху, і паніч увёў мяне ў тыя пакоі. А там паўнюсенька гасьцей: панічоў, паненак, старых і маладых, ажно я здуманіўся. Колькі сьвечак, колькі лямпаў, а божухна! А падлога маляваная, гладкая, сьлізкая, што я проста на нагах стаяць не магу — усё сьлізгаюся. Каб не падтрымлівалі мяне панічы нейкія, знакам тым, дык я кульгіцнуў бы дагары нагамі. А то сьмех, рогат. Гі-гі-гі! — пішчаць паненкі ценкімі галасочкамі. Го-го-го! — сьмяюцца панічы. Ядуць і п’юць гэткія стравы, што я проста ня ведаю, як гэта называецца.

Загадалі мне іграць: я й «Лявоніху», я й «бычка», я й «Юрку», а яны скачуць, а яны выдаюць! Гіцэль іх бяры! на’т і наскія так не патрапяць. Але неяк пальцы мае пачалі дубець, я й пачаў даваць пудлы ў музыцы.

— А яму холадна! — засьмяяліся ўсе, — ну, дык выбірай сабе паненку.

— Не жартуйце — кажу — над бедным!

— Не! не! выбірай! выбірай, якую толькі хочаш — ажэнім!

Зірк я скоса на тыя паненкі, а усе так круць-муць каля мяне, і так глянуць, і гэтак усьміхнуцца, што ў цябе ажно сэрца калаціцца пачынае й гарачка нейкая ўсяго прабірае. А тыя ахвоты паддаюць. Я забыўся аб сваёй Насьце з чырвоным носам, адважыўся выбраць сабе кругленькую, гладкую паненачку й кажу:

— Гэта хай будзе мая!

— Я — твая! Я — твая! — піскнула яна гэткім салодкім галасочкам, што я й дуду выпусьціў з рук. Ці я? ці ня я? — думаю — неяк не верыцца.

— Пацалуй ты маю ножку! — кажа яна.

Каб гэтак, знакам тым, казала мая Наста, дык я піхнуў-бы яе ад сябе, што яна-бы ўвідзела бацьку з таго сьвету, а тут я раскіс — і давай цалаваць яшчэ й яшчэ! Ніколі я смаку гэткага ня чуў: ад яе нейкай парфумай і цукеркамі аддаець, ажно галава кружыцца.

— Кінь дуду, пойдзем у мой пакой: там цяплей, — кажа яна, — а тут холадна!

Як няпрытомны, пашоў я за ёю, прыцмакваючы языком ад смаку, але тут раптам я сьлізгануўся. Я спалохаўся. Зірк сюды, зірк туды. Дзе панскія пакоі? дзе мая паненачка? Нічагусенька няма!.. Я стаю пад мастом на лёдзе, адной нагой ў пра-