Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДУДАР.

Ой чачу, ой чачу,
Гарэлачку я хачу!
(Народная).


— Спачатку, дзеткі мае, здалося мне, што старыя часы раптам устром галавой вяртаюцца да нас: вось, знакам тым, цяперака няма вінаполек — і калісьці таксама ня было вінаполек. Але тутака трапілі якраз пальцам у вока. «Не заўсяды, як на дзяды», дзеткі мае! Эхэ-хэ, «што было, тое травой зарасло». Знакам тым, я йшчэ добра памятаю тыя дзянькі, калі з Рагазіны вавілі пузатыя бочкі «ачышчанай», калі па даскох талакой качалі гэтыя самыя бочкі на высокі ганак Лейзаравай карчмы. Вось тады бываў гармідар заўсёды! Ня кідалі піць, пакуль не паваліліся снапамі пад стол. „Бірка“, знакам тым, ажно рабела ад значкоў. Кожны значок, дзеткі мае, азначаў медную чарку Лейзара. Э-хэ-хэ, „былі рокі, калі паны браліся ў бокі!“ А які з мяне музыка быў ў тых гадох, дык толькі дзяржыся! Бывала калі зайграю на дудзе «Лявоніху», дык людзі ажно хадыром хадзілі! Гэткія выкрутасы выраблялі, што гіцэль іх ведае! Дасьцё веры — зялезныя падкоўкі растоптывалі за адну вечарынку, — во што, знакам тым! Хоцькі ня хоцькі, і бязногі, здаецца, патрапіў-бы скакаць, калі я йграў «Лявоніху», «бычка» ці «Юру». Ня то, што цяперашняя «барэцкая», ці «крамянецкая» полька: фыц! мыц! Эт, плюнуць і то ня варта.

Дык вось, дзеткі мае, адзін раз перад калядамі выправіў мяне Лейзар у Рагазіну па гарэлку. Наста мая дала мне на дарогу ёмкі кавалак сьвежага сала з парсюка, што нядаўна закалолі на сьвята, усунула ў маю торбу цёплы праснак. Знакам тым, усяго было досыць. На ўсялякі выпадак узяў я й дуду з сабою. «Запас бяды ня чыніць», дык меў храпку заўсёды дуду пры сабе трымаць. Уладзіўся, як мае быць, з гарэлкаю й паехаў сабе вечарком назад, аглядаючыся па бакох, мо’ дзе воўк накруціцца мне на тое ліха, бо ў тую зіму цягаліся яны цэлымі стадамі. Кацянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзець сабе памалу й, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Знакам тым, не страшэнна абрыдла, а тут мароз, хоць ты лысых лічы! Неш-