Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тады, як матка яе адвучала ад сваіх грудзей, пасыпаючы іх перцам. І бадай да дваццацёх год яшчэ будзе Юлька спрасонку пальчык свой ссаць, а да самай сьмерці ў час пярэпалаху крычаць «мама».

Але ў жыцьці нічога адвечнага няма, усё мяняецца, прогрэсуе. Юлька гэта, каб толькі хацела, дык даведалася-б з сваёй практыкі: яна ўжо на руках і нагах паўзе па хаце пад сталом, разам з курмі, катом. Яна ёрзае, вандруе па куткох, шукаючы працы. А працы гэтай хоць адбаўляй: гладыш з малаком дагары пераверне, лужыну катулькай вымажа, лыжкай аб падлогу забарабаніць. Што й гаварыць — працы шмат ды й досіць сур’ёзнай працы; каб, здаецца, дваццаць рук мела Юлька — і то было-б мала.

Чалавек бяз руху й работы пудзіцца, марнеець, кажуць філёзофы, — і гэта ёсьць бясспрэчная праўда. Вось пытайцеся ў Юлькі, бо яна ўжо разумная досіць. Маці яе адукуе:

— Рабі аладачкі, Юлька.

Юлька плёскае ручкамі.

— Дзе божанька?

Юлька пальчыкам паказвае на сьвяты абраз.

— Як кароўка мычыць?

— М-м-у-у-у!

— Як авечка кажа?

— М-м-э-э-э!

— Як тата злуецца?

Юлька сьцісківае кулачкі, робіць гнеўныя вочкі ды кажа з імпэтам «г-э-э!»

Пасьля гэтага яна глядзіць на ўсіх вачыма Аляксандра Макэдонскага. Жартачкі — яна ўвесь сьвет перамагла…

У награду маці бярэ яе на рукі, туліць да сябе й цалуець. Без награды, ніхто нічога ня робіць, апрача вялікіх самаахвярнікаў — ідэалістаў, якіх скэптыкі ня хваляць.

Цалуючы Юльку, маці раптам пачынае злавацца, кажучы «фэ, смаркатая!» — і пры гэтым бярэцца, фартухом выціраць Юльчын носік. Юлька не даецца й пачынае горка плакаць.

Нос — гэта самае слабое месца ў Юлькі. Шмат горкіх мінут ён ёй каштуе. І такая, здаецца, драбніца — нос! аж сьмешна, але ў гэтым і ўся трагэдыя, што часам дробненькі камарык звалівае з ног магутнага лева.

У хаце — вялікая радасьць.

Тата толькі што пехатой з кірмашу вярнуўся ды й то падышоў да стала, дзе бабка й мама паставілі Юльку й вучаць яе хадзіць.

— Юлька стаіць на стале, разьняўшы ручкі для роўнавагі. Вочкі спалоханы. Добра бабцы сьмяяцца, а каб яе паставілі на канаце, нацягнутым на двух слупох і, сказалі-б ёй — «танцуй», Нябось, тады не сьмяялася-б.

— Ма-ма! — просіцца Юлька ў вялікім страху.

— Ка мне! ка мне! — выстаўляючы рукі, энэргічна, кажа мама…