Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самі коцяцца з яго вачэй пры жаласьлівых песьнях начлежнікаў. Проста сэрца, маленькае выскачыць хоча з яго грудзей.

… Але ніхто ня ведае, дзе канец сьвету.

… Пэўна сонейка ведае, — думае Янка. А сонейка — яго першы сябар.

І ўлетку, і ўзімку, і ўвосені, і на вясну Янка ад усходу да захаду люб ць пазіраць на сонца.

Жмурачы вочы свае на сонейка, чуе ён, што незразумелая радасьць квітнее й расьце ў яго душы.

Сонейка — добры, шчыры вартаўнік таго абшару зямлі, што ведае Янка. Сярод лета сонца ўсходзіць вельмі рана з правага краю гары, залоцячы вершаліны альхоўніку пад гарою ля рэчкі; а заходзіць яно вельмі позна з левага краю гэтай самай гары, залоцячы так сама вершаліны дрэў. Сонца робіць тады чуць ня цэлы круг над тым абшарам зямлі, што ведае Янка.

Увосені сонца ўжо падымяецца з бярэзьніку й заходзіць у цёмны бор, дзелячы круг толькі ўвесь напалавіну.

Узімку сонца, ўсходзіць вельмі позна над дарогай на краі неба й заходзіць вельмі рана ў лагчыну. Яно абхоплівае зусім малы кавалак неба.

… Пэўна ўзімку холадна сонейку, — думае Янка.

А на вясну, як пачынае цяплець, сонца йзноў даўжэй спацыруе па небе. А як яно часам неба фарбуе… Янка нагледзіцца ня можа. Чаго-чаго ён ня бача тады ў небе — і розныя замчышчы з белага й ружовага мармуру, і цэлыя спады невядомых зьвяроў, і вялізарныя вогнішчы, і чырвоныя рэчкі…

… Пэўна, сонца, ведае, дзе канец сьвету, — пераканаўся Янка аднаго разу пад вечар. Хоць маці строга казала, нікуды далёка ад гусей не адыйсьціся, але раз назаўсягды трэба д брацца да канца сьвету. Трэба дабрацца вось туды, дзе сонейка начуе за лесам, вось туды, куды завезьлі нябошчыцу бабульку, бо маці казала, што бабульку на той сьвет адправілі…

Хлопчык зірнуў на гусей, што гагаталі ў сухой канаве на выгане. Глянуў на вёску: мо‘ хто з сваіх па вуліцу вышаў. Усюды было ціха й пуста. Цішыня на захад сонейка.

А сонца чырвоным вогнішчам стаяла за гарой і вабіла й звала да сябе Янку…

Янка перажагнаўся й пусьціўся бягом. Бег, бег дарогай, покуль дабег да той бярозкі, дзе сонца павінна было зайсьці ўніз. Бач — аж сонца адскочыла ад яго далей да сівой крушні. Яшчэ ніжэй спусьцілася яно там, апіраючыся чырвоным бокам сваім аб зялёны дуб.

Нядоўга думаючы, хлопчык з усіх ног пусьціўся далей. Надта хочацца яму зірнуць, дзе сонца заходзіць, а сонца ад яго далей уцякае…

Янка змарыўся — спацеў, але прэць упярод супроціў сонца, супроціў таго рознакалёрнага пажарышча, якім яно абхапіла неба…