Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

юць. Робяцца тымі самымі маленькімі жучкамі, якімі былі спачатку. Вось-вось уходзяць за пагорак на самым краі неба… Ой-ой, няма ўжо іх — згінулі-зьніклі…

І зноў жоўтая дарога апусьцела-анямела… Улёгся пыл жаўтавата-залацістымі плямінамі… А ціш такая сярод летняга дню, што здаецца — сам ойца-божанька заснуў з ангеламі сваімі.

А Янка дзівіцца — ды канца мяжы няма дзівам яго неадступным:

… Скуль гэныя падарожнікі, якія прыехалі з канца зямлі?

… Куды яны паехалі, згінуўшы на другім канцы зямлі?

Пільна-пільна ўглядаецца Янка ў маўклівую стужку залацістай дарогі ды нічога зразумець ня можа.

А дарога мягкімі дыванамі гарачага пяску цягнецца, ўдоўж, перарэзваецца ўпапярок, узлавата пляцецца ў розныя староны па твары зямлі, нібы маршчыны на твары бабулькі.

… Старая-старэнькая зямелька, наша, — думае Янка, — а жывець-жывець… Ды яшчэ якім маладым галаском дразьніць яна яго часам.

Помніць ён, як аднаго разу з маткай у грыбы пайшоў. Загуляўся ён тады ля канца пры муравельніку й страціў матку сваю. Ён спужаўся й падняў крык на ўвесь лес:

— Матка, дзе ты?

— Матка, дзе ты? — дразьніла яго зямля з усіх бакоў — з бярэзьніку, з бору, з пусткі.

Ён у сьмех — зямля ў сьмех. Ён у плач — зямля ў плач. Вось ён тады злаваўся й тупаў нагамі.

Але дарога цікавіць яго болей усяго, бо па ёй людзі прыходзяць няма ведама адкуль і ўходзяць няма ведама куды…

То пакажацца на дарозе сьляпы жабрак-лірнік з хлопчыкам-павадыром. То на кірмаш едзе цэлае мора народу.

І Янка бачыць вялікі рух жыцьця — новы, вялікі рух, якога ён рэдка й бадай што ніколі не спатыкаў у сваёй роднай маленькай вёсцы.

Гусі йдуць у шкоду, а Янка, разявіўшыся, цэлымі гадзінамі пазірае на бязьмежную дарогу, поўную незразумелых, цікавых рэчаў, абсеяную вабнымі шчыртаемнасьцямі.

Шмат разоў меў Янка ад бацькі добрую лупцоўку затое, што гусей ў шкоду пускае, але нічога не памагае.

… Дзе канец сьвету?

Янка думае цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі й даведацца ня можа.

… І бабка Аўдоця гэтага ня ведае. А дзядзька Арцём робіць толькі тое, што сьмяецца з яго пытаньняў.

… Бацька то пэўна знае, але ў яго боязна дапытвацца, бо яшчэ, чаго добрага, асьцёбае.

… Сам, сам пазнаю. Розумам уласным даведаюся.

Прыслухоўваецца ён да розных казак страшных. Болей усіх дрыжыць Янка ад жудасьці людаедаў і разбойнікаў. Сьлёзы