Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хто там?

У адказ — толькі цяжкае сапеньне й палёхканьне ў вадзе па-л-ёх, па-л-ёх!

— Матка найсьвятая! Мядзьведзь, — прахрыпеў Тадэўчык і мімавольна адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў зьвера й цэліцца ў яго з дубальтоўкі.

Мурза заскавытала, як грэшны дух у пекле і адскочыла назад да Тадэўчыка.

Палёхканьне раздавалася ўсё бліжэй. У Тадэўчыка шапка на галаве падымаецца. Ён вачыма цемру пранікнуць хоча, але нічога ня бачыць. Ён акамянеў ад страху й ня можа крануцца з месца. Голас яго асекся.

Тымчасам мядзьведзь насёрбаўся вады, вышаў на бераг і на задніх лапах, як старая баба ў перавернутым кажусе, тыц да вогнішча…

Як Тадэўчык угледзіў, што мядзьведзь ідзець на задніх лапах, як чалавек, пераваліваючыся пры гэтым з аднэй нагі на другую, страх яго трохі зьменшыўся з прычыны гэтага чалавекападабенства. Ён адсапнуўся і ўжо мог крануць рукой і нагой. Сабака пішчаў на розныя лады. Мядзьведзь наступіў нагамі на агонь, пырснуў з ляпы вадой, атросься й пачаў таптаць вогнішча, якое задыміла й гасла трэскаючы.

— Ратуй, багародзіца! — казаў Тадэўчык у думках сваіх, прыцэліўся й выпаліў.

— Божа, міласэрны! — застагнаў ён, — асечка! порах, ма быць, мокры, каб яго немач, каб яго!

Прыціснуў пальцам другі курак, і нічога ня вышла. Пістоны выпалілі, а набоі асталіся…

Пачуўшы ляпаньне стрэльбы, мядзьведзь з ціхім рэвам рынуўся на Тадэўчыка.

Вырваў з рук чалавека стрэльбу, зламаў папалам і адкінуў у бок, абхапіў пярэднімі лапамі Тадэўчыка, як добры сябра, які хоча кума пацалаваць… Тут Мурза асьмелілася ды з дзікім брэхам накінулася на мядзьведзя й давай рваць яго зубамі за заднія ногі. Мядзьведзь курчыўся ад болі, паваліў Тадэўчыка й кінуўся на сучку, якая пусьцілася наўцекі. Тадэўчык ачухаўся, звыкся троху са страхам і мазгі яго хутка, запрацавалі:

— Уцякаць трэба не на грэблю, але на зыбуху, у тыя кусты, дзе ў замарозках бабы журавіны зьбіраюць. Там мядзьведзь мяне не дагоніць.

Чалавек, як «га», ускочыў на ногі й пусьціўся ўцякаць, але мядзьведзь пакінуў Мурзу й пусьціўся ўдагонку… Хаця Тадэўчык бег хутка, не аглядаючыся, але пачуў праз колькі хвіль за сваімі плячыма цяжкое дыханьне зьвера… Вось лапа вострая ўелася ў яго паясьніцу й зноў паваліла яго…

Мядзьведзь стараўся дабрацца лапай да яго твару й горла, але чалавек урыўся галавой у мяккую зямлю. Тымчасам Мурза насела на карк мядзьведзю і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго