Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тадэўчык устае, папраўляе вогнішча, напіхае зноў люльку й дзівіцца:

— Ліха ведае! здаецца ўжо гадоў сорак, з самага маленства начую тутака й заўсёды сплю, як пасьля кірмашу, а сёнейка нешта ня тое… Сабака, каб яе немач, чуе штосьці — гэта не чалавек!

Тадэўчык ужо апасьліва азіраецца па бакох, лыпіць вачыма ў цемру, ажно лоб моршчыцца, толькі нічога ўгледзіць ня можа. Ён бяра дубальтоўку, старанна выдувае куркі, вымае з сумкі раменнай пістоны, надзяваець і ня выпускае ўжо дубальтоўкі з рук. Мурза пры гэтым падбірае пад сябе хвост, апускае галаву й ціха, жаласьліва выець дрыжучым галаском.

У самым вясёлым месцы, калі часам дзе на дзядзінцы, сярод белага дня сабака ні з таго, ні з сяго пачынае выць, дык нейкая жудасьць нападае на чалавека, і ён доўга, ня можа супакоіцца, — дык ня дзіва, што тут, у глушы, у Тадэўчыка ажно мурашкі пайшлі па скуры. Трывога яго павялічвалася з кожнай хвіляй.

— Ну, ціха, ліха! Якая трасца цябе прабірае, — ажно просіцца-моліцца ён у сабакі, гладзячы яе па стапоршчанай шэрсьці. Сабака на момант цішэець, і яму робіцца лягчэй на душы ад блізасьці гэтага стварэньня жывога…

Вецер павялічыўся. Хмары атулілі ўсё неба. Пачаў сыпаць дробны, густы дождж і яшчэ болей пацямнела. Усё зьлілося ў вадно — і стагі, і дрэвы, і прастор. Нічога ня відаць, як ў студні ўсё роўна. Нейкі цёмны пух усё цясьней і цясьней абхоплівае вогнішча. Сумнасьць глухой адзіноты прабірае Тадэўчыка…

— А мо‘ лепей было-б сягоньня на печы спаць у хаце, як Наста, жонка мая, раіла, а то няхай яе немач, няхай яе!.. Нешта… шмат дурных знакаў бачыў я сягоньня. Курыца запяяла на парозе. Вышаўшы з хаты, я зачапіўся аб качаргу й паваліўся. Люльку згубіў; прышлося варочацца ад самай грэблі да хаты, і ўжо дома агледзіўся, што люлька ў зубах тырчыць. Каб яе качкі, каб яе! А тут усе гавораць, што мядзьведзь ходзіць па нашай ваколіцы. Зьбіраюцца, нават, аблаву рабіць. — І сэрца Тадэўчыка ёкнула. Думаў пайсьці цяпер да хаты, але пабаяўся. Яму пачало здавацца, што калі толькі зварухнедца з месца, дык хтосьці нябачны кінецца на яго.

— Бог-бацька! — пачаў ён пацяшаць сам сябе, — сьвятая багародзіца выратуе. У гэты час ён рабіўся такім набожным, як ніколі ў жыцьці…

Гэтак прайшло яшчэ з гадзіну. Урэшце Тадэўчык пачаў злавацца сам на сябе за тое, што, з прычыны нейкага шораху й трэску ў кустох, ён да сьмерці спалохаўся. Але вось на праціўным беразе рэчкі, ля броду, яўна пачуліся цяжкія шагі… Сэрца Тадэўчыка затрапяталася й замёрла. Мурза падскочыла да берагу й пачала голасна брахаць, а Тадэўчык, сьціснуўшы дубальтоўку ў руках, рыкнуў не сваім голасам: