Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мядзьведзь.

На небе толькі што ўзышла паўночная зорка. Чуць-чуць вызначаюцца чорнымі асілкамі высокія стагі. На пагорку, ля самага броду рэчкі Мацей Тадэўчык — стары рыбак і паляўнічы — сядзіць на перавернутым чаўне пры слаба тлеючым вогнішчы й дыміць сваю люльку. Побач ляжыць на павярнутым карчы яго стрэльба-дубальтоўка.

Мацей раставіў нанач венцяры на затоках, а сам астаўся вартаваць, каб ніхто з блізкіх вёсак іх ня вытрас, як часамі падшывальцы любілі рабіць.

Ля ног рыбака сядзіць калматая чорная сучка Мурза — яго друг і таварыш заўсёды і ўсюды. Часам яна настарожваецца, уталопіць вострую мордачку ў бок скарбовага цёмнага, лесу, што стаіць на другім баку рэчкі, буркне, піскне, прытуліцца цясьней да кален свайго гаспадара, й зноў змоўкне, нюхаючы пільна вільготнае паветра.

Ціха й мёртва васеньняя ноч. Цемра густымі пластамі ляжыць на балоце й як-бы душыць усё на зямлі. Нехта за рудаўкай на купінах дрыгвы глыбокай хоча голасна запець, але як-бы захлёбваецца, душыцца й толькі буль-бух! буль бу-у-ух! раздаецца па бакох і няясныя зыкі заміраюць у вялікім прасторы цемры…

Часамі птушка запішчыць жаласьлівым голасам у гушчары, і здаецца, што гэта нейкая адзінокая душа блукае тутка й наводзіць жуду. Часамі затрашчыць нешта ў бары, заскрыпіць сасна аб сасну. Гэта вецер прачыхаецца й, як лунатык, няпрытомна спацыруе па гушчы лясной…

У паветры чуецца халодная вільгота-макрота. Дождж — ня дождж — твар адчувае нешта востравалючае, дробнае й густое. А Мурза ўсё болей аглядаецца па бакох, усё болей нюхае паветра, усё болей бурчыць і непакоіцца.

— Што гэта робіцца з табою сёнейка? Хай цябе немач хай цябе! — кажа Тадэўчык да Мурзы й плюе ў бок. Ладзіцца заснуць пад кажухом, але нешта сон яго не бярэ. Трывога сабакі перадаецца ўсё болей і болей і яму.

— Хай цябе немач, хай цябе!