Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Затое адну пацеху маець яна, каторая гоіць яе раны, адна надзея, каторай жывець яна, — гэта ядыны сын яе, Лаўрук, даражэнькі сыночак яе, Лаўручок, — во хто сядзіць ў яе грудзёх, як верабей у цёплым гнязьдзе сваім…

Любіла яна сядзець на прызьбе, пазіраць сваімі старымі вачыма на цёмны лес, на адвечныя хмаркі й думаць…

І панаваў смутак у яе вачох — усё жыцьцё сваё яна была гэтак загнана ўсімі, што калі, нават, і бывалі хвілі радасьці, то вочы не пакідалі выразу адвечнага нямога кляйма крыўды і зьдзеку…

Думала яна аб сыне сваім, каторы жывець ў вялікім горадзе, думала й цешылася…

Жывець ён сабе там панам, як людзі кажуць…

Лаўручок яе, быўшы яшчэ хлопчыкам гадоў дзесяці, спадабаўся вельмі пану Шчубольскаму за прыгожы від і спрытны вум, і пан, быўшы бязьдзетным, забраў яго к сабе ў свае пакоі, адзяваў папанску й, падвучыўшы крыху, аддаў пасьля ў горад вучыцца.

У лістох да пана часамі ўспамінаў ён бацькоў сваіх, каторыя з радасьці і ўцехі проста ня ведалі, што рабіць…

Жартачкі — гэткага ўдалага сына даў ім бог! Першы раз, як ён на Каляды прыехаў з гораду да пана, дык бацькі яго зараз прыляцелі на панскі двор і доўга адстайвалі ў кухні, пакуль сынок зьявіўся к ім; але шчасьцю іх канца ня было, як угледзілі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — як раз асэсар! Праўда, калі маці кінулася да яго абыймаць і цалаваць, дык ён засароміўся крыху й як-бы адсунуўся ў бок…

— Апанеў! — казала потым маці, — і далікатным зрабіўся й гаворыць папанску!…

— Эт! — казаў бацька, — думаеш што, ды й ён панам будзе! Глядзі, як ён ужо сьмяецца з нашай гутаркі ды з нас, гэта мне ня надта падабаецца…

Але маці не зьвяртала ўвагі на гэта ды сьлепа радавалася сваім сынам, хвалячыся ім і фанабэрачыся перад усімі па ваколічных вёсках. Скора паны выехалі зусім адгэтуль, і з таго часу яны ўжо болей ня бачылі свайго Лаўручка…

Тымчасам Лаўрук вучыўся далей, кончыў гімназію, і пан выправіў яго ў вунівэрсытэт на адукацыю,

Бацьком сваім ён ніколі нічога ня пісаў, але пан, аддаўшы ў арэнду двор, усё-ж такі сам прыяжджаў што-год даведацца й расказваў ім, што Лаўрук вучыцца ў адвакаты.

Цешылася маці безгранічна: во калі будзе ім падмога на старасьць!

Цыпрук, праўда, казаў ёй часта:

— Эт, дурная ты авечка, яго падмогу сарока хвастом замяцець, чакай ад яго пад старасьць пацехі, як ад рабой сучкі яек!

— Замаўчы ўжо! Стары, як малы! — зазлавалася Тэкля.

— А ты, брат, баба, зусім дурная авечка! — апраўдываўя