Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Шэпт усё слабей ды слабей… Гэтак сама, шэпча і скрыпка калі музыка адыймаець ужо смычок са струн.

Змоўкла Ганулька…

Маці датаркнулася да яе, ажно яна ўжо сьцюдзёная, як лёд. Арцёміха ня плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула „ай“! — яна ўжо выплакала за свой век усе свае сьлёзы.

Гэта ведаюць старыя, сумныя могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там, рознарослыя крыжы й крыжыкі яе дзяцей: Юзя ўтапіўся, Марылю кабыла забіла, Агатку яна сама прыспала на ложку, Сьцёпка так памёр ад нейкага, безгалоўя — мала-ж ёсьць напасьцяў у няшчасных, бедных вёсках?

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Як нарыхтаваная машына, Арцёміха цяпер рабіла ўсё бяз цікавасьці, чула, як на хаўтарох бабы цешылі яе, ківаючы галовамі, сморкаючыся ў хусткі ды прыгаварваючы проста з мосту:

— А ты-ж бедная, Арцёміха!

— А ты-ж ня вытрымаеш, Арцёміха!

— А як-жа-ж ты будзеш жыць, Арцёміха!

— А ей-ей, Арцёміха, матачка!

І шмат нагаварылі гэткіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурох шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго-сяго не хватаець, але ня цікавілася, як-бы не пра яе казана…

Ачнулася яна толькі тады, як вынесьлі дамавіну, як асталася адна, бо зьнядужыла сама пайсьці…

Азірнулася…

— Матачка боская!..

І давай сухімі сьлязамі плакаць і прыгаварваць нарасьпеў.

— А я-ж цябе насіла пад сэрцам!

— А я-ж цябе гадавала, нянчыла, сьлёзкі выцірала, карміла, адзявала…

— Хадзіца на падзённую і аб табе ўсё думала… купляла хустачкі чырвоненькія…

— Няхай-жа бы ты жыла, і я бы табе палатна наткала, я-ж ужо кросны прыгатавала…

— А я бы сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе…

І, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.

Плакала старая Арцёміха сухімі сьлядамі й быццам пяяла:

— Зямля — зямелька родненькая!

— А ты-ж ужо навекі прыкрыла сьцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю…

— А ты яе навекі, навекі схавала ад сонейка!…

— Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясныя — ніколі, ніколі!..

— Ніколі галасочак яе не зазьвініць — ніколі, ніколі!..

— Хай каршуяны кіпцямі рвуць мае грудзі старыя!..