Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тулягі.

— Бадай цябе трасца, бадай цябе! — буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ўжо пляшку ад гарэлкі на стол.

— Ё-о-о чаго зьесьці? — вышэй крыкнуў ён п’яным голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горам жонкі, каторая капалася каля прыпечку.

— Эй, сьцерва, кратайся, — бо калі трэсну! — І яго кулак ужо засьвістаў ў яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом…

Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася-б, нават, выкруціцца, але ў гэты самы момант з шырокага ложка пачуўся слабы, тоненькі галасок: «Пі-іць, мамачка, піць!..»

Арцёміха падбегла да ложка, а тымчасам Арцём бразнуў дзьвярыма й вышаў.

— Д-аю, Ганулька, даю! — марматала Арцёміха й баржджэй шмыг у сенцы з конаўкай за вадою.

Гануля была дзяўчынка гадоў трынаццаці — стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла ў аднаго багатага гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, і то яна ім кожын год на Каляды грошы аддавала. Цешыліся яны сваёй дачкой, але прылучылася няшчасьце. Восеньню пры малацьбе. Ганулька прастудзілася й захварэла. Адвязьлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ёй нейкія галачкі з хлеба, зельле; купілі ліманаду й пірага ў Соркі, — але нічога не памагала. Кажа яна, што ўнутры нешта паліць і ўсё піць хочацца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы, быццам вугалі, гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідваець ўсялякія штукі й няпрытомна гаворыць.

Сягоньня яна толькі цяжка, стогнець, лежачы на сяньніку… А праз брудны кавалак шыбіны, перакрыжаванай лучынкамі, прасьвечваюцца, праменьні сонейка й многаколерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнага твару Ганулькі… Пазіраець яна на залатыя праменьні й сьлёзы коцяцца з вачэй… Вось, пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шаптаць ціха, слаба… Маці прыслухаецца, але ня можа пачуць нічога.