Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пушачцы вырас у вялікага чалавека. А бот зрабіўся вялізарны, як хата, а птушачка ў самае неба ўпёрлася. Ажно страх напаў на хлопчыка ад гэтых чараў.

— Ня пужайся, — пачаў гаварыць чалавек гэты да Сьцяпанкі Пяцькуна, — я ўжо даўно хацеў прысьці да цябе, бо надта цябе шкадую й люблю. Хадзі во ў бот — гэта мой палац. Там я табе шмат аб чым скажу.

Чалавек увёў Сьцяпанку ў свой палац.

Божухна ты мой! Чаго толькі Сьцяпанка там ня ўбачыў! Якія ўбраныя пакоі, усё-роўна, як ў пані багатай, што жывець у блізкім хвальварку ля вёскі Запушнікаў. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро, дарагія рознакалёрныя тканіны. Хлопчык глядзіць, і вока насыціцца ня можа.

Чалавек водзіць яго па ўсіх пакоях, паказваець свае бязьмерныя багацьці й тлумачыць. Шчотка ў руках чалавека — ня шчотка, а скрыніна з рознымі фарбамі: і залатыя, і сярэбныя, і сінія, і зялёныя, і блакітныя, і чырвоныя, — нават, такія, што Сьцяпанка ня ведае, як іх называць. Усё на сьвеце імі можна маляваць!

Чалавек даў яму цененькі пэндзалік і пачаў вучыць маляваць. Сьцяпанка з радасьцю замалёўваў сьцены вялізарных пакояў і цешыўся з сваёй работы. Птушачкі, дрэвы й людзі выходзілі ў яго, як жывыя. Вочы былі сінія, губы чырвоныя, вопраткі ў розных калёрах з залатымі гузікамі, як ў дзядзькі салдата. А неба, а месячык, а возёра, а дзераўцы, а кветкі, ды й ня зьлічыш!

Чалавек яго пахваліў і казаў:

— Ня бойся, дзіцятка, што ўсе цябе так крыўдзяць і сьмяюцца з тваёй пэцканіны. Я заўсёды буду з табою! Хай сабе ўсе дурнем цябе завуць, але ты разумней за іх ўсіх. Во маеш сабе гэту скрынку з фарбамі й ведай, што гэта тваё найвялікшае шчасьце ў жыцьці, ведай, што гэта…

Чалавек не дакончыў гаварыць, бо палац рухацца пачаў, грымоты затрымелі й хлапец прачнуўся ад матчыных крыкаў:

— Ах, ты, паганец! зноў цацкі! Ні да бога, ні да людзей ты ў мяне!

Хлапцу перарвалі такі прыемны сон і аднялі ў яго пушачку. Ня будзем тут гаварыць аб яго найвялікшым горы пры гэтым. Слоў ня стане. Найвялікшыя раны ў чалавечай душы загойваюцца, зарастаюць і забываюцца, але гэтай болі Сьцяпанка, ма быць, да сьмерці сваёй не забудзе…

А раз у год бывалі ў Сьцяпанкі сьветлыя хвіліны — на Вялікдзень, калі яму дазвалялі яйкі фарбаваць. На гэту работу яму куплялі ў мястэчку фарбы на цэлы пятак. І ён памайстэрску размалёўваў яйкі царкоўкамі, званіцамі, анёламі й крыжамі, ажно людзі дзівіліся.

Толькі сёлета маці казала, што ніводнай капеечкі Пяцьку-